Спалохаліся Лукашэнкі – стварылі экалагічную катастрофу


За кіламетр ад мястэчка Барань на Аршаншчыне – экалагічная катастрофа. Тут утварылася нелегальнае і вельмі небяспечнае сметнішча.

Расказвае Віктар Міхасёў, грамадскі актывіст, былы дэпутат Баранскага гарсавету:

«Туды звозяць не проста старую мэблю, але і хімічныя адходы, тару ад хімічных рэчываў, якія прымяняюцца на прадпрыемстве, металы, у тым ліку каштоўныя (там людзі выбіраюць цяпер металы), эпаксідныя смолы».

Паводле мясцовых жыхароў, паўстаў сметнік зусім нядаўна, неўзабаве пасля жнівеньскага візіту ў Аршанскі раён кіраўніка краіны:

«Вы ператварылі праз паверх гэтае памяшканне ў прыбіральню. Гэта ж трэба дадумацца! Два гады пра адно і тое ж кажу, прыехаў – дзівосы!» –

выказаўся Лукашэнка пра баранскае прадпрыемства «Тэхніка сувязі», прайшоўшыся па памяшканнях, не падрыхтаваных да ягонага візіту, і пабачыўшы старую мэблю, будаўнічыя адкіды ды іншае смецце.

Пасля візіту памянялі і кіраўніцтва раёну, і кіраўніцтва заводу, які падпарадкоўваецца Дзяржкамваенпраму, а праблему закінутых памяшканняў развязалі проста: смецце вывезлі на сметнішча. Але не на санкцыянаванае. Грамадскі актывіст Віктар Міхасёў каментуе:

«Ёсць афіцыйнае месца, дзяржавай устаноўленае, адзіная звалка на Аршанскі раён – у раёне вёскі Белева. Але чамусьці туды рашылі не вазіць, а вазілі сюды».

Вывозячы смецце, асабліва не канспіраваліся – на раскіданых тут аркушах можна пабачыць і імёны працаўнікоў і подпісы. Бульдозеры толькі крыху прыгарнулі выкінутае зямлёй. Цяпер стыхійная звалка гарыць. Мясцовы жыхар, былы працаўнік прадпрыемства Алег Якаўлеў абураецца:

«Тут гарыць усё, дым ідзе, і многія адчуваюць гэты дым і ў Барані, і на ўскрайку гораду, калі вецер дзьме ў той бок».

Былы дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў дадае:

«Што будзе праз некалькі год, калі ўсё там распусціцца і трапіць у грунтовыя воды, мы не ведаем».

Ці плануюць ратаваць сітуацыю прадстаўнікі прадпрыемства? У прыёмнай «Тэхнікі сувязі» паведамілі, што пагаварыць з намі няма каму.

Тэлефон у ААТ «Тэхніка сувязі»:

«Проста зараз усё кіраўніцтва занятае, і я ведаю, што ад каментароў яны адмаўляюцца. У дадзены момант галоўны інжынер з вамі пагаварыць не можа». – «А калі можна пазваніць?» – «Разумееце, ён увесь час на тэрыторыі, увесь час заняты».

Мясцовыя эколагі пра катастрофу ведаюць. Аршанская інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы наваколля пацвердзіла радыё «Свабода», што адкіды на несанкцыянаваную звалку пад Баранню вазілі менавіта з «Тэхнікі сувязі», і прадпрыемства аштрафуюць. Вось толькі экалагічнай праблемы гэта не развяжа.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

У матэрыяле выкарыстана відэа з сайту PRESIDENT.GOV.BY

Фотаздымак на застаўцы да відэа: REUTERS / Станіслаў Красільнікаў / FORUM