Смурод і выкіды з заводу палохаюць гамельчукоў


Як знайсці кампраміс паміж гэтак неабходнымі людзям працоўнымі месцамі ды экалагічнымі стандартамі, якія б дазволілі нармальна жыць у ваколіцах айчынных прадпрыемстваў? Адказу не першы месяц шукаюць у Берасці, дзе будуецца акумулятарны завод са шкодным свінцом, шукаюць пад Светлагорскам, дзе немагчыма дыхаць ад выкідаў заводу беленай цэлюлозы, а ад нядаўна шукаюць і ў Гомлі.

Ці здолелі б вы некалькі месяцаў запар жыць з пахам паленага пластыку на вуліцы ды ва ўласнай кватэры? Бо для жыхароў Навабеліцкага раёну Гомлю такі расклад стаўся невыноснаю штодзённасцю. Крыніца забруджання – завод «Гомельшпалеры», што паблізу.

Побач з заводам – школа, дзіцячая паліклініка і папулярная сярод бацькоў вялікая дзіцячая пляцоўка. Смурод з самага пачатку выклікаў у жыхароў непакой, але санітарныя службы пераконваюць, што ўсе паказнікі ў раёне ў норме. Што праўда, гомельская санстанцыя акрэдытаваная на замеры толькі ў чатырох пазіцыях, і з вынікамі яе правяранняў згодныя не ўсе эксперты.

«Вытворчасць такога тыпу выкідвае цэлую групу таксічных газаў, і яны вельмі шкодныя для здароўя чалавека. Газы маюць непрыемны пах, яны таксічныя і выклікаюць алергічныя рэакцыі», – адзначае кандыдат біялагічных навук Віктар Хоміч.

На ўмовах ананімнасці работнікі «Гомельшпалераў» распавядаюць, што на заводзе не працуе печ, якая мае выпальваць шкодныя рэчывы з агульнай плыні выкідаў. Але спыніць прадпрыемства, якое прыносіць прыбыткі і дае працу, не так лёгка. Для некаторых гэтыя аргументы больш важныя, чымся нейкі смурод.

«Я не ведаю, з-за чаго такія нападкі, гэта адно з працуючых прадпрыемстваў, якое засталося ў Беліцы. Жыракамбінат ледзь дыхае, мясакамбінат – па ім суды ідуць, «лікёрка»… Астатняе: «Крышталь» не працуе, «Хімвырабы» таксама не, ФСК «Гомельдрэў» – банкруты. Што засталося?», – выказваецца жыхар Навабеліцы.

Днямі ініцыятыўная група жыхароў усё ж выправілася на прыём да мясцовага дэпутата. Там іх запэўнілі, што справу кантралююць і найбліжэйшым часам сітуацыю выправяць. Пра тое, што на «Гомельшпалерах» адбываецца мантаж фільтра, нам пацвердзіў і намеснік дырэктара прадпрыемства Віктар Кушняроў. Ён сказаў, што новая сістэма мае запрацаваць у панядзелак, пасля чаго павінен знікнуць пах.

Што ж, магчыма, на адную праблему будзе менш. На адную, бо завод забруджвае не толькі паветра, але і затоку ракі Сож.

«Немагчыма дзяцей на рэчку вывесці, каб купацца. Забруджваюць раку. Усе скардзяцца!» – заўважае жыхарка Навабеліцы.

Але гэта ўжо, пэўна, будзе наступны крок змагання мясцовых жыхароў за чыстае асяроддзе.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Toru Hanai/ Forum