Смерць Купалы – самая загадкавая ў гісторыі беларускае культуры


28-га чэрвеня 1942-га года ў лесвічны пралёт гатэлю «Масква» з 10-га паверху сарваўся народны паэт Беларусі Янка Купала. Ён пражыў роўна 60 гадоў.

Каму магла быць выгадная смерць класіка? Адзінага гледзішча няма. З аднаго боку, тагачасным уладам не было сэнсу забіваць лаўрэата Сталінскай прэміі, паэта-ардэнаносца, які прысягаў: «Табе, правадыр, мае песні і думы…», а з іншага – Купала заставаўся адным з лідараў беларускага адраджэння.

«Я думаю, што ён зашмат ведаў», – кажа літаратуразнаўца і філолаг Вячаслаў Рагойша.

На думку даследчыкаў, галоўную ролю ў знішчэнні Купалы сыграў вядомы пагромшчык беларускае літаратуры Айзік Кучар. Ён нібыта данёс на тое, што ўвесну 42-га адную з вуліцаў акупаванага Менску назвалі імем Івана Луцэвіча. І хоць насамрэч тая вуліца называлася ў гонар іншага Івана – Луцкевіча, у ваенны час ніхто асабліва разбірацца не стаў, і першы сакратар партыі Панцеляймон Панамарэнка даў хаду фальшыўцы.

«Я думаю, што гэта забойства – тое, што яго скінулі ў пралёт лесвіцы. Хто непасрэдна гэтым займаўся, хто садзейнічаў, пакуль невядома», – працягвае Рагойша.

Да версіі ж самагубства гісторыкі ставяцца крытычна. Купала не пакінуў ніякай запіскі, як гэта было ў 30-ым перад няўдалаю спробаю пайсці з жыцця, і меў шмат планаў.

Сёння аднак найбольш важны той унёсак, які Купала пакінуў у беларускай культуры. Яго немагчыма пераацаніць – нездарма народнага паэта называюць адным з духоўных сімвалаў Беларусі, які спрычыніўся да выжывання і захавання ўсяе беларускае нацыі.

Сцяпан Святлоў