Аб'ектыў 02.08.2017 Служыш у міліцыі? Бей чужых дзяцей за $ 350


«Прафесійная дзейнасць і паводзіны супрацоўніка (міліцыі) мусяць спрыяць фармаванню ў грамадстве аўтарытэтнасці, упэўненасці ў справядлівасці органу ўнутраных справаў» – вытрымка з правілаў прафесійнай этыкі работнікаў МУСу Рэспублікі Беларусь, якая часцяком гучыць як здзек.

У красавіку пʼяны кіраўнік Веткаўскага РАУСу Уладзіслаў Антаненка на вачах сведак ударыў падлетка, а сёння Гомельскі суд пастанавіў, што збіццё хлопца будзе «каштаваць» яму няпоўныя Br 700.

Падчас суда бок абвінавачання прасіў пакараць Антаненку 40-ка базавымі велічынямі. Суд прызначыў 30. Аднак падчас прамовы пракурора магло скласціся ўражанне, што гаворыць не абвінаваўца, а адвакат-абаронца.

«Гэта не пасада здзяйсняла злачынства, а грамадзянін. Увесь гэты рэзананс, гучнае звальненне і такая «вядомасць» на ўсю рэспубліку – гэта ўжо досыць сур’ёзнае пакаранне для таго, хто аддаў міліцыі 20 гадоў свайго жыцця», – апраўдваў міліцыянта дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Гаўрыкаў.

Уладзіслаў Антаненка віну прызнаў цалкам

Міліцыянт прасіў прабачэння ў пацярпелага ды кіраўніцтва МУСу за свае паводзіны. Але варта нагадаць, што гісторыі, калі пацярпелымі аказваюцца працаўнікі міліцыі, а на лаве падсудных – звычайныя грамадзяне, маюць зусім іншае заканчэнне. Акрамя штрафаў пацярпелыя звычайна атрымліваюць рэальныя турэмныя тэрміны.

Узровень даверу беларусаў да органаў унутраных справаў, паводле МУСу, складае сёння каля 65 %. Цікава, калі б гэтае апытанне зрабілі публічным, ці не атрымалася б гэтак сама, як летась з інтэрнэт-апытаннем пра давер судам? Калі афіцыйныя лічбы разышліся з атрыманымі ў інтэрнэце ў некалькі разоў.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары