Служба адлову жывёлы расстрэльвае сабакаў на вачох дзяцей


У берасцейскім прытулку для адлоўленых бадзяжных жывёлінаў жыхарам ваколіцаў трэба шукаць свайго згубленага гадаванца. Пры ўмове, вядомае, што адлоўнікі давязуць яго сюды, а не застрэляць на месцы. Як гэта адбылося ў недалёкім ад Берасця Старым Сяле.

«Калітка яшчэ адчыненая была, сабака выйшаў сюды, ён нікуды далёка не ходзіць, сядзеў ля варот. Я зайшоў па цыгарэты, чую – стрэл», – узгадвае Юрый, сусед гаспадароў забітага сабакі.

Стралялі з машыны, на вачох дзіцяці

Вясковаю вуліцай праязджала машына службы адлову бадзяжных жывёлінаў, і, не выходзячы з яе, адлоўнікі стрэлілі ў сабаку, які выбег з двара. Адбылося гэта на вачох шасцігадовага дзіцяці.

Адлоўнікі закінулі забітую жывёліну ў машыну і з’ехалі з месца здарэння. Сусед гаспадароў сабакі безвынікова спрабаваў дагнаць іх на ўласным аўтамабілі.

«Юра бачыў калі іх даганяў што яны смяяліся. Можа для іх гэта быў жарт, гульня…», – абураецца Святлана, гаспадыня сабакі.

Джэры – беспародны дварак, Святлана з мужам падабралі шчанюка ўзімку тры гады таму, стэрылізавалі, прышчапілі, выгадавалі. Джэры быў добрым псом і любіў гуляцца з дзецьмі.

Невядомыя крытэры, па якіх адлоўнікі высветлілі, бадзяжнасць сабакі

Чаму ўвогуле іхная машына праязджала па гэтай не самай ажыўленай вуліцы? Чаму, стрэліўшы і забраўшы сабаку, працаўнікі кінуліся ўцякаць? Гаспадары сабакі напісалі скаргу ў міліцыю і дырэктару смеццеперапрацоўчага заводу, якому падначаленая служба адлову.

Паводле заканадаўства адлоў бяздомных жывёлінаў мае адбывацца паводле прынцыпаў гуманнасці, адзначаюць абаронцы жывёлінаў. А раз ні гэтыя прынцыпы, ні «выключныя выпадкі», калі дазваляецца адстрэл, у законе не раскрываюцца, адмыслоўцы раяць звяртацца не толькі ў міліцыю, але і ў суд.

«Апроч таго што адлоўніка могуць прыцягнуць за жорсткае абыходжанне з жывёлінай, і ён можа панесці дысцыплінарную адказнасць, гаспадар мае права на кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды», – тлумачыць, што рабіць у такіх выпадках Анастасія Жаўрыд з цэнтру абароны жывёлінаў «Анімалекс».

Цяпер РАУС праводзіць правяранне ў справе, дзяўчынку, якая сталася сведкам стрэлу ў сабаку, не прывозяць у вёску, каб не нагадваць пра здарэнне. А вяскоўцы непакояцца, ці не трэба хавацца і бараніць дзяцей ды жывёлінаў, калі наступным разам па вёсцы паедзе службовая машына.

Ірына Дарафейчук, «Белсат» Фота: Imagebroker / Voller Ernst / Forum