Слоўн Стывэнз перамагла на турніры WTA у Маямі


ТЭНІС

У спорце лічыцца, што калі ты саступіў будучаму пераможцы турніру, то гэта не ганебна. Але наўрад ці Азаранцы з ейным характарам лягчэй, што яна, можна сказаць, трагічна прагуляла на турніры ў Маямі Слоўн Стывэнз. Тая сапраўды вяла рэй, паволі, але настойліва.

Летась яна перамагла ў Адкрытым чэмпіянаце сваёй Радзімы, але яшчэ пяццю гадамі раней, калі мела ўсяго 19 гадоў за плячыма, прабілася ў паўфінал Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. У юніёрскім узросце Слоўн дайшла да пятага месца сусветнага рэйтынгу, а з панядзелку, атрымаўшы тысячу дадатковых пунктаў, зойме найвышэйшую для сябе ў кар’еры, 9-ю пазіцыю ў галоўным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, замацаваўшыся другою ракеткаю ЗША пасля Вінус Ўільямз. У фінале Маямі-2018 Стывэнз нанесла паразу яшчэ больш паспяховай, але на пяць гадоў маладзейшай Алене Астапенцы з Латвіі 7:6, 6:1, заваяваўшы пяты індывідуальны тытул у карʼеры. Парадаксальна, але ў Астапенкі на тры менш, і пры гэтым рыжанка – пятая ракетка планеты.

ХАКЕЙ

Падобна на тое, што і сёлета менскае «Юнацтва» не дасць рады пераўзысці гарадзенскі «Нёман» у барацьбе за тытул чэмпіёна Беларусі па хакеі з шайбаю. Паводле словаў галоўнага трэнера «мядзведзяў» Міхаіла Захарава, сказаных яшчэ перад пачаткам усяго плэй-оф, яму не шанцуе з выканаўцамі: хакеісты то траўмуюцца, то лянуюцца, а цяпер яшчэ і няўдачнікі як забівалы.

Выцягнуўшы двубой у Горадні ў оўвэртайме, менчукі, як падавалася, не вельмі верылі, што дома будзе лягчэй. А атрымалася ўвогуле няёмка перад сваймі заўзятарамі. Калі ў першым двубоі серыі «Юнацтва» прапусціла ў меншасці ды само за 16 хвілінаў большасці ні разу не спадобілася на ўзяцце брамы Віталя Труса, то ў другім матчы выкарыстала адну колькасную перавагу. Але ж і прапусціла ў той жа большасці. Сёння гаспадары прагульвалі 0:1 пасля буліту ў выкананні Арцёма Кіслага на 12-й хвіліне і прагулялі першы перыяд 0:2. А на сярэдзіне другой дваццаціхвілінкі другі раз у серыі зняславіліся прапушчанай шайбай у большасці. Арцём Кіслы зрабіў дубль і стаў лідарам галеадораў фіналу. У панядзелак на «Чыжоўка-Арэне» – чацвёрты матч серыі.

БОКС

Энтані Джошуа не дазволіў паўстаць сенсацыі ў свеце прафесійнага боксу і не аддаў новазеландцу Джоўзэфу Паркеру трох сваіх паясоў, прыхапіўшы тытул і ў суперніка па тытульным боі ў суперцяжкай вазе.

Алімпійскі чэмпіён 2012 года ўпершыню ў сваёй прафесійнай карʼеры правёў 12-ціраўндавы бой, бо ўсе папярэднія 20 матчаў ён выгульваў датэрмінова накаўтам. А цяпер да паясоў чэмпіёна свету ў версіях WBA Супэр і Ай-Бі-Оў, заваяваных у 2017 і Міжнароднай федэрацыі боксу, якім валодае ад 2016-га года, дадаў яшчэ званне найлепшага і непераможнага ў рэйтынгу Сусветнай арганізацыі боксу. 28-мі гадовы нарадзінец англійскага Ўотфарду, які нарадзіўся 15 кастрычніка 1989 года ў сямʼі пераважна нігерыйскага паходжання, перамог на стадыёне «Міленіум» у сталіцы Ўэльсу Кардыфе – на аднагалоснае рашэнне суддзяў.

Фота – Geoff Burke-USA TODAY Sports