Аб'ектыў 23.04.2017 Слонімскім апазіцыянерам прапанавалі «не рыпацца»


Кааліцыя дэмакратычных сілаў Слоніму планавала 30-га красавіка зладзіць у гарадскім парку чарговы народны сход. І, здавалася б, пасля таго, як чыноўнікі некалькі дзён таму наважыліся сесці за стол перамоваў, цяпер ня будзе перашкодаў і ў правядзенні мірных сходаў. Аднак у суботу праз пошту мясцовыя актывісты атрымалі адмову на правядзенне масавай імпрэзы.

«Пасля першага сходу, калі мэр выйшаў да людзей, пасля нас, прадстаўнікоў дэмсілаў запрасілі на круглы стол у райвыканкам. Было адчуванне, што пайшла лібералізацыя, што ўлада пачала паварочвацца да народа. На жаль, гэты адказ сведчыць пра адваротнае», – мяркуе слонімскі апазіцыянер Алесь Масюк.

«Крок наперад, крок назад і на месцы паварот». Менавіта гэтак выглядае дыялог з уладамі, прычым як на мясцовым, гэтак і найвышэйшым узроўні. Яшчэ напачатку года галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч пасля сустрэчы з кіраўніком краіны тлумачыўся, што пайшоў на перамовы выключна каб пераканаць Лукашэнку ў неабходнасці дыялогу.

Але ці самыя слонімцы бачаць сэнс збірацца на такія народныя сходы?

«Канешне трэба збірацца, каб быў парадак у горадзе, дысцыпліна. Заробак. Таму людзі і абураюцца».

«Людзі, канешне, мусяць збірацца, штосьці трэба ж рабіць. Але ці вырашыцца пытанне, ніхто не ведае, Занадта павольна ў Беларусі ўсё гэта робіцца».

«Канешне, такія сходы павінны адбывацца, калі б была магчымасць я б прыняў удзел».

Таму зноў спрацоўвае спрадвечная формула: вярхі ня могуць – нізы ня хочуць. А пытанне дыялогу зноў завісла ў паветры.

Пакуль заяўнікі ня вызначыліся, ці будуць праводзіць Народны сход без дазволу чыноўнікаў, бо гэта азначала б чарговыя затрыманні і содні. Гэтак, актывіст Віктар Марчык ужо правёў 5 содняў за кратамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі недармаедаў, на якую. Не зважаючы на запалохванні з боку ўладаў, выйшлі 300 слонімцаў. А калі мірны сход быў бы дазволены ўладамі, то колькасць пратэстоўцаў магла б вырасці ў разы, перакананыя актывісты.

«Пры асабістай сустрэчы з людзьмі прасцей камунікаваць: яны выказваюць свае праблемы, гэтыя праблемы мы маглі сфармуляваць і потым вынесці на наступны круглы стол. Гэта першае, а другое – мы хацелі, каб людзі вылучылі сваіх прадстаўнікоў на чарговы круглы стол з уладамі», – кажа Марчык.

Пакуль улады Слоніму засталіся глухія і да рэзалюцыі, якая паўстала на папярэднім Народным сходзе, бо яе, паводле чыноўнікаў, прынялі на несанкцыянаванай імпрэзе.

Наста Ільіна

Глядзі таксама
Каментары