Слонім рыхтуецца пераняць эстафету пратэстаў. Кіраўнікі прадпрыемстваў пужаюць людзей


З прапановаю сустрэцца і абмеркаваць у тым ліку і дэкрэт № 3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства тут выступілі… мясцовыя ўлады. Народны сход мае адбыцца ў нядзелю на плошчы Леніна а 15 гадзіне.

«Вельмі добра, што ўлады пайшлі насустрач, яны самі ініцыявалі і запрасілі людзей прыйсці да іх на дыялог. Гэта будзе дыялог народа з уладамі», – кажа грамадскі актывіст Віктар Марчык.

Разам з гэтым абвесткі аб народным сходзе з грамадскіх прыпынкаў зрываюць, а кіраўнікі прадпрыемстваў запалохваюць працаўнікоў наступствамі за выхад на плошчу.

«Есць праблема, здаецца ўлады самі выйшлі з ініцыятывай аб сустрэчы, але таксама да нас даходзяць звесткі, што, найхутчэй, кіраўнікі прадпрыемстваў бяруць на сябе адказнасць і кажуць людзям, каб яны не прыходзілі на гэтую сустрэчу, нават да звальнення з працы», – распавядае Марчык.

Сярод галоўных праблемаў, якія маюць абмеркаваць слонімцы, перадусім адсутнасць працы і годных заробкаў. Міхаіл Сашко, былы працоўны слонімскай камвольнай фабрыкі, з якім не працягнулі кантракту за тры гады да пенсіі, распавёў «Белсату» пра сітуацыю на сваім былым прадпрыемстве.

«Усім, хто хоць неяк выступае за годныя заробкі, яны папярэджваюць, што кантракт не будзе працягнуты, тым больш што цяпер не трэба абгрунтоўваць ніякіх прычынаў», – кажа былы працаўнік Слонімскай камвольнай фабрыкі.

Што прымушае людзей да вулічных пратэстаў, з намі падзяліліся жыхары Слоніма:

– Стаміліся людзі, штосьці трэба мяняць у краіне, нешта ў нас не так, мы ўвесь час імкнемся да лепшага, а атрымліваецца наадварот.

– Я пенсіянерка, але я перажываю за сваіх дзяцей, за ўнукаў, я не бачу перспектывы ў іх будучыні.

Паводле афіцыйных звестак, у 50-тысячным мястэчку каля 350 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных. Сярод самых высокааплочвальных месцаў, якія прапаноўвае біржа працы ў Слоніме, прыватная кампанія «Сафратэкс», якая шукае швеяў. А таксама мясцовы РАУС, які набірае працаўнікоў міліцыі.

АН, «Белсат»