Аб'ектыў 17.10.2017 Следчы камітэт арыштаваў 10 асобаў паводле справы смерці жаўнера


Кожны подпіс мае значэнне. Кампанія за адстаўку міністра абароны выйшла на вуліцы Менску. У адрозненне ад інтэрнэту, блакаваць яе тут Андрэю Раўкову будзе надзвычай складана.

Як і пакараць вінаватых у смерці 21-гадовага Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Печах. Следчы камітэт распачаў 10 крымінальных справаў паводле артыкулаў «парушэнне ўстаўных правілаў», «злоўжыванне ўладаю» і «махлярства».

Затрыманыя двое афіцэраў, старшына і 7 сяржантаў.

Цяпер следчыя праводзяць допыты, вочныя стаўкі і чакаюць вынікаў экспертызаў. А людзі, якія ставяць подпісы пад петыцыяй, чакаюць маштабных зменаў у беларускім войску.

Аляксандр Коржыч, Генадзь Сарокін і Арцём Басцюк – смерць гэтых жаўнераў выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Пад першаю петыцыяй за адстаўку міністра абароны на старонцы «Zvarot.by» подпісы паставілі больш за 11 тысячаў асобаў. Зварот заблакавалі з ініцыятывы Мінабароны.

Збор працягваецца на іншых платформах

У адказ ведамства падрыхтавала ролік, дзе пераконвае, – гэта не акцыя пратэсту, а правакацыйныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю ўзброеных сілаў.

Хоць сапраўдны цень на беларускае войска кідаюць не плакаты і подпісы грамадзянаў, а смерці жаўнераў і жахлівыя факты дзедаўшчыны, якія Мінабароны спрабуе ўтойваць.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары