Сквапныя чыноўнікі вярнулі мястэчка Сураж у каменны век


Замест моста праз Дзвіну жыхары мястэчка Сураж мусяць выкарыстоўваць паромную пераправу. Але колькасць рэйсаў парома змяншаецца і ўжо не можа задаволіць патрэбы людзей. Немагчымасць пераправы спачатку тлумачылі нізкім узроўнем вады, калі ж рака паднялася, рэйсаў больш не стала.

Паромшчыкі сталі спасылацца на недахоп паліва

«У нас няма паліва. Як няма паліва? Няма паліва, няма ў Райвыканкаме грошаў. Можаце куды хочаце звяртацца, можаце да губернатара. Вось табе на, вярнуліся ў каменны век», – абураецца мясцовая жыхарка.

Паромшчыкі сцвярджаюць, для стабільнай пераправы неабходна 25-літраў саляркі на дзень, а такой колькасці паліва ў іх папросту няма.

Ад падрабязных каментароў паромшчыкі адмовіліся

Тлумачаць гэта тым, што пасля давядзецца пісаць тлумачальныя запіскі начальству.

«Мост нам патрэбны, а гэты паром лядашчы, гнілы… Кацер вунь стаіць, ён таксама іржавы. Усё, лёд пайшоў – пераправы няма. Аптэка там, пошта там, дактары там, а нам што рабіць?», – скардзіцца мясцовая дачніца.

Па словах жыхароў складаецца ўражанне, што на Сураж па просту забыліся. Кацер, які мусіў наладзіць часовую пераправу стаіць без справы на прычале, паром не мае паліва для поўна спраўнага функцыянавання. Паляпшэнне сітуацыі, з рэйсамі праз раку наладжваецца, калі мястэчка трапляе ў аб’ектыў тэлекамеры.

Андрусь Такінданг, «Белсат»