Скандалы, фэйкі і затрыманні. Усё пра другі дзень вучэнняў з Расеяй


1-ая танкавая армія Заходняй ваеннай акругі РФ маршам рухаецца ў Беларусь для ўдзелу ў манеўрах «Захад-2017». Адпаведную афіцыйную заяву Міністэрства абароны Расеі адразу зняпраўдзілі ў беларускім мінабароны. Але заявы – заявамі, а грамадскасць – у прыватнасці, сустаршыня БХД Павал Севярынец з паплечнікамі – накіравалася ў Воршу, каб спраўдзіць інфармацыю пра расейскія танкі.

«Міністэрства абароны Беларусі колькі разоў ужо дэзавуявала гэтую інфармацыю, але Мінабароны Расеі маўчыць. Таму мы тут, некалькі чалавек з начной вартай на вакзале. Я тут на М1, і пакуль што абстаноўка спакойная, танкаў няма», – распавёў Севярынец.

Фэйк ад расейскага боку, пра перакідванне танкаў – не адзіны скандал

У Мар’інай Горцы быў затрыманы фатограф Сяргей Мазур. У часе размовы з мясцовымі сілавікамі не абышлося без пагрозаў.

У Глыбоцкім раёне абвесцілі каменданцкую гадзіну

І так да канца вучэнняў «Захад-2017». А ўжо пасля ўдакладнілі, каменданцкая гадзіна вучэбная, а інфармацыю пра яе прыбралі з сайту райвыканкаму.

Сталіца на пачатак манеўраў адрэагавала пратэставым графіці.

Падзеі вакол «Захаду» паказваюць чарговы дэмарш саюзнікаў ці палітычнае паніжэнне Беларусі ў вачах Крамля. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у апошнія дні «Захаду-2017» Беларусь наведаюць начальнік Генеральнага штабу Расеі Валерый Герасімаў і міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ці чакаць Уладзіміра Пуціна, дагэтуль не вядома. Афіцыйны Менск ужо паведаміў, што Аляксандр Лукашэнка застаецца ў Беларусі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», Фота: facebook.com/mod.mil.rus/