Скандал з БАТЭ: Каб гэта быў заўзятар Арсеналу, яму б нічога не зрабілі


€ 5000 за некалькі хвілінаў на полі з бел-чырвона-белым сцягам – столькі футбольны клуб БАТЭ хоча спагнаць з Аляксандра Вянгерскага, які выбег на стадыён падчас матчу з «Арсеналам» 28-га верасня.

Навошта гэта БАТЭ?

Паводле афіцыйнае заявы, прычынаю пазову сталася зусім не жаданне клубу скампенсаваць штраф ад Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў памерам € 5000, які БАТЭ вымушаны быў сплаціць за інцыдэнт.

«БАТЭ хоча гэткім чынам нагадаць усім заўзятарам пра недапушчальнасць такіх паводзінаў на стадыёне і паказаць, што ў клубу ёсць прававыя механізмы, каб адрасна пакараць парушальнікаў грамадскага парадку», – паведаміў афіцыйны сайт ФК БАТЭ.

Вянгерскі сітуацыі не каментуе, на сувязь не выходзіць

Пакаранне за свой учынак ён ужо атрымаў – суд Барысаўскага раёну кваліфікаваў яго як дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы, даўшы 10 содняў арышту. На знак нязгоды з абвінавачаннем у зняволенні Вянгерскі абвесціў галадаванне.

БАТЭ паабяцала, што калі пазоў задаволяць, € 5000 пералічаць на дабрачыннасць.

Журналіст: дабрачыннасць за чужы кошт – не найлепшая ідэя

«Калі б гэта быў не беларус, а заўзятар арсеналу, БАТЭ б нават і не шалахнулася, там бы яму адразу сказалі «да пабачэння» і ўсё», – упэўнены спартовы аглядальнік газеты «Прэсбол» Сяргей Южык.

На адным полі з БАТЭ староннія людзі апынаюцца ўжо не першы раз – гэтак, тры дні таму падчас матчу БАТЭ – «Нафтан» на поле выбег нязгодны з пенальці заўзятар, які хацеў пабіцца з рэферы.

«Я пагляджу, колькі БАТЭ запатрабуе ў яго – і тады можна будзе параўнаць з тым, колькі яму скажуць плаціць. Чалавек проста выбег са сцягам, які не забаронены ў нашай краіне, і з тым, які выбег і хацеў збіць суддзю. Таму чалавеку, дарэчы, і 10 содняў не далі», – зазначыў Сяргей Южык.

Згодна з кодэксам Беларускай асацыяцыі футболу, максімальны штраф за такое хуліганства складае да 100 базавых або Br 2300. Аляксандр Вянгерскі ж атрымаў паводле адміністратыўнага артыкулу содні, а пасля таго, як выйшаў з-за кратаў, яму прысудзілі яшчэ і Br 460 штрафу за ўдзел у мітынгу супраць вучэнняў «Захад-2017» 8-га верасня.

Паводле Белстату, сярэдні заробак беларуса на сёння складае Br 831, а € 5000 – гэта акурат увесь гадавы заробак да капейкі.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum