Скандал вакол затрымання ўкраінскага журналіста ў Менску разрастаецца


Украінскі консул пабачыўся з затрыманым у Менску журналістам Паўлам Шаройкам. Тым часам у самой Украіне ўсё мацней гучыць абурэнне «пустымі і ліслівымі дэкларацыямі кіраўніцтва Беларусі» ды заклікі да ўвядзення санкцыяў супраць паўночных суседзяў.

Як стала вядома напярэдадні, карэспандэнту «Украінскага радыё» Паўлу Шаройку выстаўленае абвінавачванне ў шпіянажы.

«Пётр Аляксеевіч, трэба будзе нешта ад Беларусі, скажы, мы табе за содні ўсё зробім. Усё, што прэзідэнт Украіны не прасіў, публічна кажу, мы заўсёды ўсё рабілі», – казаў тры гады таму Аляксандр Лукашэнка ў размове з украінскім прэзідэнтам.

Не мінула трох месяцаў з выкрадання ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба, як стала вядома, што КДБ затрымаў журналіста Паўла Шаройку. Як сказаў у каментары нашаму тэлеканалу кіраўнік Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргей Таміленка, калегі затрыманага спадзяюцца, што Лукашэнка не зробіць з Паўла Шаройкі вязня сумлення.

«Мы лічым абсурдным прад’яўляць нейкія абвінавачванні ў шпіянажы, зборы інфармацыі прафесійнаму журналісту. Павел ужо 10 гадоў працуе ў Менску», – кажа Сяргей Таміленка.

Журналісцкая супольнасць дабіваецца станоўчае рэакцыі ўкраінскай улады. Тым часам, стала вядома, што ўвязненага ўжо наведаў украінскі консул. Пракаментаваў справу і амбасадар Украіны Ігар Кізім:

«Некаторыя дзеянні для мяне застаюцца не зусім лагічнымі. На высокім узроўні мы дамаўляліся пра цывілізаваную працу, скіраваную на пазітыўны вынік. Але ёсьць такія моманты, калі беларускі бок ня надта адкрыта тлумачыць, чаму так адбываецца».

Ва Украіне ж гучаць куды больш рэзкія заявы. Гэтак аднёсся да сітуацыі віцэ-прэмʼер Вячаслаў Кірыленка:

«Чаго вартыя запэўніванні ў сяброўстве з украінскім народам, калі ў Беларусі рэгулярна знікаюць нашыя грамадзяне?! Спачатку Павел Грыб, цяпер – карэспандэнт «Украінскага радыё» Паўло Шаройка. Такія дзеянні парушаюць усе ўгоды і робяць крывадушынымі заявы пра сяброўства! Ці Пуцін там усё вырашае?»

Таксама загаварылі ў Кіеве і пра санкцыі супраць палітычнага і сілавога кіраўніцтва Беларусі. Адзін з дэпутатаў Вярхоўнае Рады Дзмітры Тымчук звінаваціў Лукашэнку ў мэтанакіраванай дзейнасці супраць украінскае суверэннасці. Палітык згадаў, што Менск пастаўляе кантрабанду на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, і дадаў, што Украіна таксама мае прапанаваць увесці санкцыі супраць Менску заходнім краінам.

«Зразумела, вярхоўная інстанцыя, якая прымала рашэнне – гэта ўсё ж такі самы высокі палітычны ўзровень у Беларусі. Бо так проста, зважаючы на ўсю далікатнасць адносінаў, блізкасць і сяброўскасць, так проста такія рашэнні не прымаюцца», – адзначае беларускі палітолаг Алесь Лагвінец.

Пытаннем застаецца, як гэта практычна паўплывае на адносіны між Менскам і Кіевам, і ці пяройдзе ўкраінская ўлада да актыўных дзеянняў дзеля вызвалення свайго грамадзяніна.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu