Скандал у берасцейскай школе: электрык і дырэктарка не падзялілі басейн


Хацеў уратаваць вучняў, а атрымаў позву ў суд. Берасцейскага электрыка Васіля Лесяка абвінавачваюць у паклёпе за тое, што ён апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках фоты няспраўнай вентыляцыі ў басейне школы № 9, дзе працуе амаль год. З яго словаў, уся вільгаць ад басейна не вентылюецца, вада збіраецца на столі і сценах і трапляе на электраправодку.

Дырэктарка, са словаў мужчыны, праблему вырашаць не спяшалася

Раіса Багатка ж не пагаджаецца з абвінавачанне і адзначае, што рамонтнікаў запрашала яшчэ летась, але сума за іхную працу аказалася непадʼёмнай – тых сродкаў, што зарабляе школа, не хапае, а дзяржава сёлета выдзеліла грошы толькі на спартзал.

«Каб замяніць вентыляцыю басейна трэба 4 гады нам працаваць і не траціць ніводнай капейкі. Мы не можам сабе гэта дазволіць, бо ў нас шмат іншых выдаткаў», – скардзіцца на недафінансаванне спадары Раіса.

Скандал атрымаў працяг

Калі ні вусныя, ні пісьмовыя звароты да дырэктаркі не падзейнічалі, электрык напісаў зварот у мясцовае аддзяленне энерганадзору ды ў гарадскую адміністрацыю. Праверка ў школу прыйшла, але абмежавалася толькі прадпісаннем.

«Мне ўчора прыходзіць папера ад адміністрацыі ленінскага раёну, што ўсе няспраўнасці прыбраныя. Мы нічога не рабілі, а мне прыходзіць папера, што ўсе яны ліквідаваныя», – абураецца Васіль Лесняк.

Замест рамонту дырэктарка падала на Васіля Лесяка ў суд

Але ў прызначаны дзень на паседжанне не прыйшла ні яна, ні сведкі – і пратакол адправілі на дапрацоўку. Апроч Васіля ў школе працуе яшчэ адзін электрык, і абодва яны вырашылі звольніцца – бо зрабіць самі нічога не могуць, але не хочуць і несці адказнасць за бяздзеянне кіраўніцтва.

Настасся Храловіч, «Белсат»