Аб'ектыў 16.10.2017 Сіўчык заявіў, што лідараў апазіцыі свядома калечаць у турмах


З акцыі пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017» мінуў ужо больш як месяц. Але судовы пераслед актывістаў за яе ўлады, відавочна, спрабуюць расцягнуць на як мага даўжэй. Пяццю соднямі арышту суддзя Партызанскага раёну Дзмітрый Супрун пакараў Вячаслава Сіўчыка.

Рашэнне прынялі завочна, і пакуль актывіст на волі

Ужо цяпер у ізалятары на Акрэсціна ўтрымліваюцца іншыя актывісты апазіцыі – на мінулым тыдні затрымалі Паўла Севярынца і Яўгена Афнагеля за тую ж акцыю 8-га верасня. Адтэрмінаваныя арышты ўлады практыкуюць наўмысна, упэўненыя ў апазіцыі.

І выключаюць з жыцця грамадскага і палітычнага. 21-га кастрычніка падчас Маршу абураных беларусаў 2.0 Севярынец, Афнагель, а таксама Максім Вінярскі з «Еўрапейскай Беларусі», якога арыштавалі за перапост у сеціве, правядуць «на сутках».

«У тых умовах, у якіх людзі сядзяць – гэта проста забірае дастаткова шмат здароўя, толькі і ўсяго. Гэта свядомае калечанне людзей», – упэўнены Вячаслаў Сіўчык.

Нейтралізацыя актывістаў для Лукашэнкі мае пабочныя эфекты

Гаворка пра імідж уладаў Беларусі ў вачах заходніх краінаў, дачыненні з якімі Менск старанна выбудоўвае. Заўтра ў сталіцы чакалі еўракамісара Ёганэса Гана, але раптоўна візіт адмянілі.

Афіцыйна адмену паездкі патлумачылі нечаканымі, але важнымі сустрэчамі, у якіх мусіць узяць удзел камісар. Але назіральнікі не выключаюць, што гэта сігнал незадаволенасці Бруселю рэпрэсіўнымі метадамі ўладаў Беларусі ў дачыненні апазіцыі і не толькі. Нагодаў для незадаволенасці мусіць быць дастаткова: тут не толькі канвеер арыштаў сярод апазіцыі, але і брутальнае суботняе затрыманне наведнікаў рок-канцэрту.

А пакуль візіт еўракамісара адкладзены

Арганізатар Маршу абураных беларусаў 2.0 Мікола Статкевіч, які сам мае яшчэ пяць неадседжаных содняў, на сённяшні момант недасяжны. Але вядома, што Беларускі нацыянальны кангрэс скіраваў гарадскім уладам Менску інфармацыйны ліст аб планаванай акцыі. Дазволу традыцыйна не прасілі. Арганізатары ўпэўненыя, што права на мірны пратэст дае Канстытуцыя, а не Менгарвыканкам.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Vadim Rymakov / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары