Сірата змагаецца з дзяржавай за кут для сваіх дзяцей


Юлія Антропава з чатырма дзецьмі жывуць на 35 квадратных метрах у доме, які ў прамым сэнсе развальваецца. Жанчыне давялося шмат папрацаваць, каб стварыць для дзяцей хаця б мінімальна камфортныя ўмовы.

«Паўсюль сырасць, рамы вывальваюцца, вокнаў няма, усё гнілое, у сырасці, пол у дзірках, правальваецца, печка хутка зваліцца ўніз», – распавядае Юля.

У Крынках шматдзетная маці жыве ўжо чацвёрты год

Бацькі дзяўчыны памерлі, калі ёй было восем: маці ад анкалогіі, бацька – ад туберкулёзу. Выхоўвалася Юлія Антропава разам з братам у інтэрнаце, а хата, што засталася пасля бацькоў, адышла калгасу. Са словаў самой Юліі, ейную хату калгас прадаў, а ёй пасля інтэрната далі гэтую.

«Я хачу каб у мяне ўдома быў тэлевізар і свой пакой і каб дом быў колеру памаранчавага з белым», – марыць дачка Юлі.

Апроч гаспадыні ў гэтага дому яшчэ два гаспадары

Шанцуе, што суседзі Юлі жывуць тут толькі ўлетку. Пабудаваная больш як паўстагоддзя таму, хата ніколі не бачыла капітальнага рамонту. Юрысконсульт Уладзімір Навасяд мяркуе, што па законе ў гэтай сітуацыі жанчына мае толькі два выйсця.

«Есць магчымасць атрымаць арэнднае жытло – піша паперу і атрымлівае, але не зможа атрымаць крэдыт на 40 гадоў пад 1%», – тлумачыць Уладзімір.

Другі варыянт: звярнуцца ў сельсавет па дапамогу з рамонтам. Юлія звярталася – з просьбай дапамагчы хаця б памяняць рамы ў вокнах. Але там ёй адказалі, што грошай на гэта не маюць, бо самі перажываюць не лепшыя часы і фінансаў не стае нават на тое, каб выплаціць падначаленым заробкі.

У чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў сямʼя Антропавых – сямнаццатая

Але для маленькага аграгарадку гэта вялікая лічба.

«Вельмі праблематычна атрымаць жытло. У нас жанчына стаяла з 2008-га году і толькі ў пазамінулым годзе вызвалілася кватэра, і тое мы яе вызвалялі, рэстаўравалі і выдзелілі, гэта. Уявіце, 2008 год!», – забівае надзею сакратарка мясцовага сельсавету.

У верасні старэйшы сын Юліі Максім пойдзе ў першы клас, але падобна, што рабіць урокі яму давядзецца за абедзенным сталом – бо паставіць пісьмовы ў кватэры Антропавых папросту няма дзе.

Настасся Храловіч, «Белсат»