Сін Ньен Куай Лэ! Коля Лукашэнка павіншаваў кітайцаў з іхным Новым годам


Не кіраўнік краіны, а сын Мікалай павіншаваў кітайскіх сяброў з іхным галоўным святам – кітайскім новым годам. Відэа-віншаванне змясціў амбасадар Беларусі ў Кітаі ды падпісаў «ад самага вядомага ў Кітаі беларускага цінэйджара».

Аляксандр Лукашэнка віншаваў беларусаў, Мікалай Лукашэнка павіншаваў кітайцаў. Паводле ўсходняга календару, 2018 год наступіць заўтра.

Музычнае віншаванне кітайскіх сяброў змясціў у сваім тўітары амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

«Брыдка бачыць, як гэтага «цінэйджара» таскаюць на сесіі ААН і сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаваў. У Вашым выпадку можна было б устрымацца ад гэтага роліка. Беларусь жа не манархія», – пракаментаваў допіс Dmitry Balkunets.

У адказ амбасадар змясціў відэа ўнучкі Доналда Трампа. Але 7-гадовая Арабелла Роуз не з паперкі, як Коля, а на памяць чытае вершы і спявае па-кітайску.

Без гэткай дзіцячай жывасці і непасрэднасці, затое з прафесійнай прадуманасцю ў відэа-віншаванні Колі Лукашэнкі з’яўляюцца фотаздымак і сцягі Беларусі і Кітаю.

«У Кітаі ёсць дыпламатыя пандаў, а ў Беларусі дыпламатыя Колі. Гэта, скажам так, успрымалася замежнымі спажыўцамі гэтай дыпламатыі больш-менш лагодна, калі Мікалай Лукашэнка быў яшчэ маленькім, што называецца мяккім і пухнатым дзіцём», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Мікалай падрос, але эфект ад ягонага высілку ўсё роўна будзе марны, лічыць эканаміст Леанід Заіка.

«Калі паглядзець памеры Беларусі і Кітаю, то Кітай у 140 разоў большы. Гэта значыць, што любы з нас – гэта прыкладна 1,5 см у параўнанні з кітайцам нармальнага росту. Гэта значыць, менш за мізінец. Калі нехта з гэтага мізінцу нешта свісціць ці неяк машыць, то я не думаю, што гэта мае нейкае значэнне», – мяркуе эканаміст Леанід Заіка.

Затое, як перакананыя некаторыя апытаныя намі менчукі, гэта мае значэнне на перспектыву.

Жыхары Менску:

«Ён у будучым ачоліць нашую краіну. Ён набывае з дзяцінства досвед міжнародных сустрэчаў, дыпламатычны. Гэта не вельмі добра. Ён малады яшчэ, павінен паказваць прыклад, што трэба вучыцца, а яго ўжо робяць свецкай персонай».

«З аднаго боку гэта добра, а з іншага боку – школьнік павінен займацца сваёй працаю».

«На месцы кітайцаў я б напэўнае, умілялася, мне было б прыемна. Але як маці, жанчына, маці ягонага аднагодкі, мне вельмі шкада, што яго паўсюль пхаюць».

13-гадовы Мікалай Лукашэнка добра вучыцца, выйграе хакейныя турніры, грае на раялі, не толькі па падручніках, але і праз шматлікія замежныя ваяжы добра ведае геаграфію, размаўляе на замежных мовах, нават на кітайскай… вось толькі ні за мяжою, ні ў Беларусі слова на беларускай мове ад сына кіраўніка краіны не пачуць.

Вольга Старасціна, «Белсат»