Сілавікі хапаюць медыкаў – больш за 50 затрыманых


У сталічнай 9-й клінічнай больніцы на першы погляд – будзённы дзень. Хворыя, лекары, перадачы. Але сярод работнікаў установы шуміць «справа дактароў».

«Ну звезлі сёння аднаго людзі ў вайсковай форме, пад аховай, у наручніках, на міліцэйскай машыне», – распавядае дворнік.

Паводле нашай інфармацыі толькі ў пятніцу затрымалі да 15 работнікаў “дзявяткі”. Людзі ў камізэльках КДБ выводзілі медыкаў на вачах хворых. Адміністрацыя шпітАлю недаступная, дактары не на камеру заспакойваюць: гаворка вядзецца толькі пра работнікаў адміністрацыі.

І гэта толькі 9-я больніца. Учора стала вядома пра арышт намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага ды кіраўнікоў даччыных прадпрыемстваў міністэрства. Больш за 30 іхных калегаў ужо папоўнілі СІЗА цягам апошняга месяца.

Васіль Бельмач – пенсіянер, але менавіта ён паўгода таму прынёс у праграму «Людскія справы» дакументы, якія і спрычынілася да інфармацыйнай хвалі вакол карупцыі ў медычных закупках. Нелегальна завезены ў Беларусь пратэз 6-я больніца Менску прадала Васілю па цане ў разы даражэйшай за арыгінал і без суправаджальных тэхнічных дакументаў.

«Мне паўсюль адказалі, што інфармацыя тэхнічная па пратэзе, а таксама якія нагрузкі, колькі ён у маім целе можа знаходзіцца – аказваецца, гэта ўсё камерцыйная таямніца», – распавядае пенсіянер Васіль Бельмач.

Так адказвалі Васілю і суддзі, і высокія чыноўнікі пракуратуры. Імаверна, такім чынам яны прыкрывалі схему ад асобных аўтараў скаргаў у органы. А таму не здзіўляюць і першыя затрыманні высокіх чыноў.

«Спачатку затрымліваюць некалькіх асобаў, пасля – другая хваля, больш масіраваная – трэцяя, і ў выніку ў СІЗА КДБ трапляюць людзі з высокімі пасадамі», – адзначае следчы журналіст «Белгазеты» Аляксандр Федаровіч.

Пытанне, ці закончылася хваля з высокімі пасадамі. Хросны бацька Мікалая Лукашэнкі Васіль Жарко ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя з 2006-га да 2016 года. І не трэба быць следчым, каб зразумець, што такая татальная карупцыйная схема выбудоўваецца гадамі.

Пакуль справа медыкаў датычыць «распілу» бюджэтных сродкаў. Пры тым толькі ў 6-й сталічнай больніцы ў сярэднім за год робіцца больш як 500 аперацыяў ужыўлення імпартных пратэзаў. І ў такім выпадку расце кола не толькі саўдзельнікаў, але тысячамі беларусаў можа вымярацца колькасць пацярпелых.

Алесь Залеўскі, belsat.eu