Аб'ектыў 01.01.2018 Што змянілася ад 1 студзеня 2018 года?


Пенсійная рэформа

З 1-га студзеня адбудзецца другі крок пенсійнай рэформы, якую ўлады расцягнулі на 6 гадоў. У 18-м годзе жанчыны пойдуць на пенсію ў 56, а мужчыны – у 61 год. Агулам пенсійная рэформа працягнецца да 2022-га, і паводле яе жанчыны будуць выходзіць на пенсію ў 58, мужчыны – у 63 гады.

Базавая велічыня

З сёння змянілася базавая велічыня, яна вырасла да 24 рублёў пяцідзесяці капеек. Папярэдні раз базавая павялічвалася год таму – з 21 да 23 рублёў. Паводле базавай велічыні, сярод іншага, вызначаюцца мыты і разлічваюцца штрафы.

Мінімальны заробак

Мінімальны заробак таксама ідзе ўгару, з двухсот шасцідзесяці пяці (265) да трохсот пяці (305) рублёў. Апошні раз гэты паказнік падвышалі на пачатку мінулага года. Паводле ўраду, мінімальны заробак не індэксавалі ў сувязі з нізкай інфляцыяй. Але нават з улікам падвышэння мінімальная зарплата застанецца ніжэйшаю, чым у большасці нашых суседзяў.

Тарыфы ЖКГ

Вырастуць і кошты на паслугі камунальнікаў. Яшчэ летась Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што ў 18-м тарыфы ЖКГ падымуцца не больш як на 5 долараў і будуць падвышацца толькі 1 раз. Яшчэ ў кастрычніку Лукашэнка папярэджваў камунальнікаў, што рост тарыфаў мусіць адбывацца толькі пасля ўзгаднення з кіраўніком краіны.

Кошты на алкаголь і цыгарэты

З пачатку 2018-га вырастуць акцызы, а адпаведна і кошты на паліва, алкаголь і цыгарэты. Урад тлумачыць гэтыя захады неабходнасцю павялічваць прыбыткі бюджэту. Плануецца, што акцызы на цыгарэты вырастуць на 15 адсоткаў, акцызы на аўтамабільнае паліва зменяцца на 10 адсоткаў, а некаторыя віды алкаголю праз рост акцызаў падаражэюць на тры з паловаю адсоткі.

Глядзі таксама
Каментары