Што робіць жоўтая субмарына ў цэнтры Менску?


Беларусь не мае прамога выхаду да мора, аднак нашая краіна багатая на марскіх заўзятараў і энтузіястаў. Менавіта такія людзі зарганізавалі для беларусаў магчымасць азнаёміцца з унікальнаю марской фаўнай і наблізіцца да гісторыі мараплавання.

Якім чынам?

Мексіканскі памаранчавы рак, мангравы краб, блакітны лангуст і крэветка-доктар – усіх іх, а таксама іншых марскіх жыхароў можна ўбачыць у мабільным музеі «Адкрыты акіян».

Жоўтая субмарына ў самым цэнтры Менску – не толькі намёк на творчасць знакамітай ліверпульскай чацвёркі. Гэтак выглядае акіянарыум на колах, які адкрыў свой люк для ўсіх ахвотных азнаёміцца з унікальнымі для Беларусі жыхарамі марскіх глыбіняў.

«Наш музей мае вялікі адукацыйны складнік. Мы можам прыехаць у любы горад, у любы абласны цэнтр, вёску, дзе дзеці такога не бачылі. Яны могуць і з мікраскопам папрацаваць, і гэтак далей. У той жа час мы можам добрыя рэпартажы рабіць. У нас такая мабільная лабараторыя. Пад’язджаем да вадаёма, у нас ёсць падводныя камеры, запускаем іх у вадаём – дзеці ўсё тут бачаць на маніторах, можна ўсё запісваць і здымаць», – распавядае дырэктар музея Аляксей Азараў.

Музей прысвечаны не толькі падводнай фаўне

Наведнікі могуць азнаёміцца з вялікаю калекцыяй узнагародаў, мадэляў судоў ды іншых экспанатаў. Вялікая частка экспазіцыі расказвае пра гісторыю флоту, у якой значную ролю адыгралі і беларусы.

«Нашых землякоў чвэрць мільёну служыла ў мінулым стагоддзі на флоце, і 92 адміралы беларускага паходжання мы вылічылі. І я хачу сказаць, што гэта гонар нашай краіны, бо такой колькасцю «флотаўцаў» нават не кожная вялікая дзяржава можа пахваліцца», – звяртае ўвагу экскурсаводу музею Алег Гарбуноў.

На стварэнне мабільнага музею спатрэбілася тры гады

Але праца для яго развіцця не спыняецца. Субмарына літаральна напоўненя інавацыйнымі для Беларусі тэхналогіямі. Гэтак, музей базуецца на альтэрнатыўнай энергіі – электрычнасць выпрацоўваецца ад сонечных батарэяў, таксама ёсць і ўласны вятрак.

«Вы паглядзелі, у нашай назве «музей-лабараторыя» напісана. Музей – бо прыходзяць знаёміцца з экспанатамі, а лабараторыя – тут сабраныя па кавалках цэнтры прыцягнення для дзетак, для іхнае творчасці. Гэта 3Д-фатаздымкі, 3Д-мадэляванне, біялагічная лабараторыя. У нас ёсць тры лічбавыя мікраскопы, у тым ліку вельмі добрыя, якія даюць цікавыя выявы. Мы плануем, што ў нас будзе працаваць КВ-радыёстанцыя», – пералічвае спадар Азараў.

Мабільны музей-лабараторыя дае беларусам магчымасць наблізіцца да акіяну, яго фаўны, гісторыі ды рамантыкі, хоць геаграфічна марское ўзбярэжжа да Беларусі не так і блізка.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»