Што расчаравала еўрадэпутатаў падчас візіту ў Беларусь?


Еўрапейскаму Звязу нельга заплюшчваць вочы на парушэнні правоў чалавека і адсутнасць свабодных выбараў у Беларусі, а падчас дыялогу з уладамі Беларусі Брусель мусіць надалей нагадваць пра неабходнасць рэформаў.

Пра гэта ў Менску заявіў віцэ-прэзідэнт фракцыі Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Паўлу Ранжэл. Еўрадэпутат прыняў удзел у дыскусіі, прысвечанай сітуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы.

«Выбарчыя працэдуры па-ранейшаму застаюцца несправядлівымі. Вельмі цяжка зарэгістраваць партыі, цяжка зарэгістраваць кандыдатаў. Няма празрыстай працэдуры назірання і падліку галасоў, кандыдаты маюць вялікія цяжкасці ў доступе да СМІ», – канстатуе віцэ-прэзідэнт ЕНП.

Круглы стол зарганізавалі лідары беларускіх правацэнтрыстаў

Акрамя Паўлу Ранжэла, у дыскусіі бралі ўдзел старшыня прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын і сакратар у міжнародных дачыненнях Еўрапейскай народнай партыі Патрык Фолер.

У кулуарах сустрэчы гучалі меркаванні, што сярод 20-ці тысячаў мясцовых дэпутатаў улады могуць прапусціць некалькі апазіцыянераў. Аднак, на думку прысутных, такі падыход не зматывуе афіцыйны Брусель развіваць дачыненні з Менскам.

«Мы можам сказаць, што гэта добры крок, хоць і вельмі малы. Аднак мы па-ранейшаму жадаем свабоды сходаў, свабоды слова, сумленных і празрыстых выбараў, свабоднай магчымасці рэгістраваць партыі ды кандыдатаў, спынення затрыманняў журналістаў і актывістаў». Беларускія палітыкі звярнулі ўвагу еўрадэпутатаў на ціск, які ўлады аказваюць на апазіцыйных кандыдатаў і незалежныя СМІ», – падкрэсліў Паўлу.

«Сітуацыяй з «Хартыяй’97» – плявок у твар еўрапейскім палітыкам»

«Калі падчас візіту высокапастаўленага прадстаўніка Еўрапейскага парламенту зачыняюць незалежны вэбсайт «Хартыя’97» – то гэта публічны плявок у твар еўрапейскім палітыкам з боку беларускіх уладаў. Гэта заўважна. Улады пераацэньваюць сваю значнасць».У той жа час еўрапейскія эксперты перакананыя, што асцярожны дыялог з уладамі Беларусі трэба працягваць – каб разумець іхную логіку і дапамагчы змяняцца», – тлумачыць пазіцыю ЕЗ сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«Кожны рэжым можна падштурхнуць да рэформаў, нават калі часамі гэта падаецца немагчымым. Я мяркую, што раней ці пазней беларускі рэжым пачне праводзіць рэформы. Таму дыялог неабходны», – дадала экспертка цэнтру Мартэнса Ганна Налівайка.

АБСЕ не да спадобы «элегантныя» фальсіфікацыі

Адсутнасць зменаў у беларускім выбарчым заканадаўстве адзначыў і прадстаўнік Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Гэштэт. Відавочна, што Брусель не збіраецца згортваць дыялогу з Менскам, але будзе весці яго без асаблівага даверу і энтузіязму.

Аляксандр Папко, «Белсат»

 

Фота: Filippov Alexei / ITAR-TASS / Forum