Што Палата прадстаўнікоў зрабіла за 100 дзён? Адказваюць Ганна Канапацкая і Алена Анісім


Першыя 100 дзён палітыка на пасадзе – сімвалічны адцінак, на якім пачынаюць выконваць выбарчыя абяцанні, робяць першыя заўважныя крокі. Менавіта да гэтай мяжы падыходзіць новы склад Палаты прадстаўнікоў.

Ці маюць дэпутаты чым пахваліцца?

Прадстаўніца Абʼяднанай грамадзянскай партыі свае 100 дзён у якасці дэпутаткі ацаніла публічна, на прэсавай канферэнцыі. Галоўнымі вынікамі Ганна Канапацкая назвала стварэнне працоўнай групы, якая падрыхтуе змены ў выбарчае заканадаўства і…

«Пакладзеныя ў якасці заканадаўчай ініцыятывы змены ў Крымінальны кодэкс у частцы выключэння артыкулу «ілжэпрадпрымальніцтва».

Апрача таго, каманда Канапацкай працягвае кампанію дзеля поўнай забароны прымусовай працы дзяцей у калгасах і адмены дэкрэту аб гэтак званым дармаедстве.

Што хвалюе выбарцаў?

Пра штодзённыя праблемы грамадзянаў дэпутатка пачула на прыёмах, якіх за гэты час правяла чатыры, а гэта блізу 50 чалавек.

«Іх хвалююць праблемы ЖКГ, іх хвалююць праблемы дарог, іх хвалююць праблемы няякаснага медычнага абслугоўвання. І паездзіўшы па рэгіёнах, мы разумеем, што гэтыя праблемы яны паўсюль аднолькавыя», – распавяла спадарыня Канапацкая.

Алена Анісім змагаецца за беларускую мову

У сваю чаргу намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Алена Анісім, асноўнаю мэтаю ставіць сапраўднае, а не намінальнае ўраўноўванне дзвюх дзяржаўных моваў, але пакуль – перамогі меншага маштабу.

«Камусьці дапамаглі ўладкавацца на працу, камусьці дапамаглі з дарогай, дамагаліся праезду для пенсіянераў і студэнтаў, але далі на школьнікаў, таму нейкія зрухі ёсць пазітыўныя», – дзеліцца дэпутатка.

А што ж агулам з Палатаю?

Паводле Капацкай, пра паўнавартасны заканатворчы орган гаворка не вядзецца – усё гэтак жа збольшага ўхваляюцца ўказы і дэкрэты Лукашэнкі. Дыскусіі ды гарачыя спрэчкі – справа рэдкая. Сярод заўважных ініцыятываў – унясенне зменаў у Закон аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям з дзецьмі – супраць прыняцця ў зазвычай адзінадушнай Авальнай зале выказаліся 8 чалавек.

«За гэтыя 13 гадоў, што не было альтэрнатывы ў палаце прадстаўнікоў, людзі проста прызвычаіліся прыходзіць на працу як чыноўнікі ў аддзел адміністрацыі. У іх ёсць 4-гадовы кантракт і яны ведаюць – трэба прыйсці своечасова сысці. І зрабіць тое, што табе кажуць», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, лідар АГП.

Падобныя адчуванні і ў беларусаў

«Іх працы не бачна, якая ў іх праца, іх прызначылі, яны працуюць, я не ведаю, толку няма, лепш бы разагналі, адзін прэзідэнт, ён усё вырашае ўсё роўна сам».

«Смеласці больш, такое адчуванне, што баяцца адзін аднаго».

«Мала чаго яны змогуць, гэтыя дзве жанчыны».

– мяркуюць жыхары сталіцы.

Ці здольныя альтэрнатыўныя дэпутаткі разварушыць гэтае балота, як раней пра Палату выказалася Канапацкая? У апазіцыі мяркуюць, што пры ўмове міжнароднага ціску некаторых зменаў можна дамагчыся і з адным мандатам.

«Белсат»