Што не склалася ў нас з Марадонам?


Д’ега Марадона заявіў, што не падпісваў кантракту з берасцейскім «Дынама», хоць, цытата: «да падпісання было амаль усё гатова». Але ж у самым Берасці сцвярджаюць адваротнае: дамова падпісаная і ў сіле. Разам з гэтым днямі аргентынскі адмысловец стаўся тэхнічным дырэктарам «Дарадасу», які гуляе ў другой лізе мексіканскага чэмпіянату. Што ж не склалася, і ці варта чакаць вяртання аргентынскай славутасці ў Беларусь?

Яшчэ тры месяцы таму абяцаў падняць берасцейскае «Дынама» на новы ўзровень і нават задумваўся над набыццём нерухомасці ў Беларусі, а ўжо сёння правёў першы трэнінг з мексіканскім «Дарадасам» ды заявіў, што перажывае найлепшы момант у жыцці.

Дʼега Марадона, тэхнічны дырэктар ФК «Дарадас» (Мексіка):

«Я хачу даць Дарадасу тое, што страціў, пакуль хварэў. Я не прыехаў у адпачынак, а працаваць і дапамагаць гульцам. Хачу дадаць гульцам матывацыі. Магу запэўніць, што з намі будзе цяжка змагацца».

Найлепшы футбаліст 20-га стагоддзя заявіў, што амаль ужо падпісаў кантракт з беларусамі, але ў выніку пастанавіў адкласці гэта на потым. Мексіканскі «Дарадас» яму параіў ягоны сябар Мугамэд. У Мексіцы Марадона збіраецца застацца надоўга, што не можа не цешыць мясцовых заўзятараў:

«Шмат хто крытыкуе Марадону за ягоныя залежнасці, але я не думаю, што яны паўплываюць на трэнерскую дзейнасць».

«Спадзяюся, як трэнер ён здолее вывесці наш клуб на новы ўзровень і апраўдае сваё імя».

Таго ж спадзяваліся і берасцейскія заўзятары, аднак цяпер наагул не вядома, ці сапраўды падпісваў Марадона кантракт з беларускім клубам. Раней паведамлялі, што ён стаўся кіраўніком праўлення «Дынама» (Берасце). І хоць аргентынская зорка наведала Беларусь толькі аднойчы – у ліпені – дый агулам прабыла на сваім «месцы працы» у нашай краіне менш за содні, у берасцейскім «Дынама» сцвярджаюць, што дамова ўсё яшчэ ў сіле.

«Згодна з умовамі кантракту, Д’ега Марадона можа займаць пасады ў іншых арганізацыях. Цяпер ён працягвае быць старшынём праўлення ФК «Дынама» (Берасце), адначасова сумяшчаючы яе з пасадай у Мексіцы» – каментуюць у ФК «Дынама» (dynamo-brest.by).

Паміж Берасцем і мексіканскім Кульяканам, дзе базуецца клуб з другой лігі «Дарадас», – больш за дзесяць тысяч кіламетраў. Але ў берасцейскім «Дынама» ужо не хаваюць, што заданне Марадоны ў Беларусі заключалася толькі ў тым, каб папулярызаваць айчынны футбол і прыцягваць у клуб спонсараў. То бок па сутнасці ягонае зʼяўленне было ўсяго толькі рэкламнаю кампаніяй. Якая, магчыма, скончылася.

«Ён першапачаткова запрашаўся на ролю вясельнага генерала, каб за кошт ягонага імя трошкі паказаць свету, што ёсць такі клуб, як берасцейскае «Дынама». Таму нічога ад яго і не чакалі. Ён даўно ніякія клубы не трэнаваў. Ён непастаянны – сёння тут, заўтра там» – тлумачыць Сяргей Южык, «ПРЕССБОЛ».

Але шанец вярнуць Марадону ў Беларусь усё ж ёсць. Аргентынская зорка моцна марыла сустрэцца з Лукашэнкам і віншавала кіраўніка нашае краіны з днём народзінаў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фота: REUTERS / Henry Romero / FORUM