Што Лукашэнку не можна ў Беларусі?


Канстытуцыя ў Беларусі адна. Але глядзець на яе можна па-рознаму. Гэтак, яшчэ нядаўна актывісты знайшлі ў дзеяннях Аляксандра Лукашэнкі адразу тры парушэнні галоўнага закону краіны, а ўжо сёння парламент паведаміў, што ўсё было паводле закону! Што ў нашай краіне вышэй – указ прэзідэнта, галоўны закон ці… тэлефоннае права?

«Ажыццяўляць нейкую дыктатуру ў Беларусі проста нерэальна», – казаў нядаўна Лукашэнка.

Аднак часамі ўдаецца. Гэтак, адразу тры парушэнні Канстытуцыі ўгледзела ў дзеяннях кіраўніка краіны Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. Па-першае, галоўны закон краіны дае прэзідэнту права прызначаць прэм’ера толькі са згоды Палаты прадстаўнікоў (арт. 84 п. 6). Па-другое, Палата прадстаўнікоў мае спачатку даць гэтую згоду (арт. 97 п. 4). Прычым падумаць дэпутатам даюць да двух тыдняў (арт. 106).

«Мы звярнуліся ў Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў. Ад гэтых двух органаў мы атрымалі адказ, які гучыць так: у Канстытуцыі не прадугледжаная папярэдняя згода на прызначэнне прэмʼер-міністра, што прэзідэнт атрымае гэтую згоду пазней» – распавядае Аляксей Сігаеў, намеснік старшыні БСДП (Грамада).

Куды ж гэтак спяшаўся кіраўнік Беларусі, прызначаючы Сяргея Румаса амаль адразу ж пасля «разносу» старога ўраду? А нікуды. Высвятляецца, што Лукашэнка не азіраецца на парламент ужо не першы раз. Папярэдняга прэмʼера Андрэя Кабякова таксама прызначылі без папярэдняй згоды дэпутатаў. Што ж, экспертам чарговы раз застаецца сцвярджаць, што ані Канстытуцыя, ані іншыя законы ў нашай краіне не працуюць. Ці можа ўсё ж такі працуюць, але толькі для аднаго чалавека? Палітолаг Валер Карбалевіч тлумачыць:

«На тых жа нарадах у Лукашэнкі часта прысутнічаюць кіраўнікі Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, хаця гэта не залежныя ад выканаўчай улады органы, якія паводле Канстытуцыі ніяк не падпарадкоўваюцца прэзідэнту. Яны незалежныя: Лукашэнка не мае права даваць ім нейкія загады».

Калі доўга гартаць беларускую Канстытуцыю, то праз вялікую колькасць незвычайных для нашага жыцця рэчаў можа зʼявіцца ўражанне, што ў руках – казка: там табе і мясцовае самакіраванне, і свабодныя выбары, і правы чалавека… Збітыя сюжэты беларускай рэчаіснасці ўжо шмат гадоў не дзівяць грамадства. Таму дамо людзям магчымасць проста паразважаць: а ці ёсць у Беларусі штосьці, чаго б не змог зрабіць Лукашэнка? Жыхары Менску мяркуюць:

«Дабыць нафту і газ».

«Ён можа зрабіць усё, што заўгодна. У гэтай краіне яму ўсё падуладна. Абсалютна».

«Наш прэзідэнт можа зрабіць што заўгодна, а Канстытуцыя ў нас атрымліваецца ў выглядзе кнігі».

«Мне падаецца, шчаслівага жыцця для нашых грамадзянаў ён дакладна зрабіць не можа».

Пасада прэзідэнта ў Беларусі набыла функцыі фактычна манарха па выніках рэферэндуму 1996-га, які ініцыяваў сам Лукашэнка. Новая Канстытуцыя гарантавала яму неабмежаваную ўладу. Вынікі тых зменаў мы бачым сёння і на вуліцах, і ў гаманцах.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фота: Valery Sharifulin / TASS / FORUM