Аб'ектыў 19.10.2017 Што хаваецца за вылучэннем Ксеніі Сабчак на пасаду прэзідэнта?


5,5 мільёнаў падпісчыкаў у Інстаграме і, магчыма, бласлаўленне Крамля. Расейская селебрыці Ксенія Сабчак вырашыла вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах у 2018 годзе.

Самарэклама ці шчырае жаданне змяніць нешта ў сваёй краіне?

Уладзімір Пуцін насіў партфель ейнаму бацьку, калі працаваў памочнікам мэра Санкт-Пецярбургу. Яе маці – чалец Савету Федэрацыі Расеі. Яе саму называюць хрэсніцай гаспадара Крамля. Яна – скандальная свецкая ільвіца, вядоўца забаўляльных ток-шоу, акторка.

Гламурная дама ў 2012 годзе рэзка мяняе амплуа і імкліва ўваходзіць у апазіцыйныя кругі Расеі, а ў эфіры федэральных каналаў смела кідае выклік нават самому гэтак званаму свайму хроснаму бацьку – Пуціну.

Гэта ўсё паказуха?

Размовы пра тое, што Ксенія Сабчак вылучыць сябе ў кандыдаты, пачаліся яшчэ напрыканцы верасня. Пазней высветлілася, што яна сустракалася з Уладзімірам Пуціным падчас падрыхтоўкі дакументальнага фільму пра свайго бацьку, аднак пасля запісу інтэрв’ю мела прыватную размову з прэзідэнтам.

«Сабчак такая асоба, што пойдзе на выбары, толькі калі Пуцін скажа ёй: «Трэба». А калі ён так не скажа, то яна не пойдзе», – выказала такое меркаванне крыніца Бі-Бі-Сі, якая раней працавала ў адміністрацыі прэзідэнта Расеі.

Сябры пачалі пасылаць Ксенію на тры літары

Расейскі бізнесовец Яўген Чычваркін, які жыве ў Вялікай Брытаніі, заявіў, што будзе вымушаны паслаць Ксенію на тры літары, бо яна тым самым гуляе на карысць Крамлю і адцягвае электарат Аляксея Навальнага.

«Цяпер я чуў, што ты сабралася быць на выбарах, і ты разумееш выдатна, што ты робіш легітымным Пуціна і збіваеш Навальнага. Я буду вымушаны паслаць цябе і ўсю тваю каманду на… калі ты гэта зробіш. Калі ласка, не рабі гэтага», – зазначыў бізнесовец.

У Крамлі пастанавілі не пускаць Аляксея Навальнага на выбары

Атрымліваецца, што прэтэнзіі Чычваркіна ўжо не актуальныя. Аднак пытанне пра каманду Ксеніі Сабчак не губляе актуальнасці. Хто ж у яе ўвойдзе?

Акцёр Максім Вітарган, муж Ксеніі Сабчак, адназначна ўваходзіць у каманду жонкі і ўжо ўвязаўся ў палітычныя баталіі, адказаўшы Чычваркіну, каб той сам ішоў на згаданы адрас.

Сабчак за апошнія содні паднялася ў топ-навінаў расейскіх медыяў

Палітыкі і палітолагі абмяркоўваюць розныя версіі, яе сувязь з Крамлём і магчымую падкантрольнасць. Сама Сабчак тлумачыць сваё вылучэнне магчымасцю пратэсту супраць існай улады.

«Я хачу вярнуць магчымасць прагаласаваць «супраць усіх». Гэта наш мірны і законны спосаб сказаць – хопіць, хлопцы! Харош! Ну праўда, ну вы ўсе дасталі!», – даводзіць Ксенія.

Ігар Віняўскі, «Белсат», фота: Sergei Konkov / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары