Што хавае Следчы камітэт у справе Коржыча?


Скончыў жыццё самагубствам – такія вынікі расследавання смерці Аляксандра Коржыча. Паводле Следчага камітэту, жаўнера не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Ці дало следства, якое вялося 6 месяцаў, адказ на пытанне, як, можна з майкаю на галаве і звязанымі нагамі зладзіць самагубства?

Павешаны на рамяні ў падвале медчасткі. З гематомамі па ўсім целе, звязанымі нагамі ды кашуляю на галаве. На думку Следчага камітэту, акалічнасці знаходжання цела Аляксандра Коржыча, якое правісела ў пятлі на закрытай тэрыторыі вайсковай часткі 7 дзён, сведчаць аб самагубстве жаўнера.

«Вывады аб давядзенні да самагубства шарагоўца Коржыча зробленыя на падставе паказанняў пацярпелых і сведкаў ды абставінаў, зафіксаваных на месцы знаходжання трупа», – паведаміў прадстаўнік Следчага камітэту Алег Шандаровіч.

Следства сцвярджае – Аляксандра Коржыча давялі да самагубства дзеянні трох сяржантаў. Усяго пацярпелымі ў выніку расследавання прызналі 57 вайскоўцаў цэнтру ў Пячах.

Маці загінулага афіцынай версіі не верыць і ўзгадвае пра сляды катаванняў, якія асабіста бачыла на целе сына падчас агляду.

«Рука правая вісела як плець. І былі сляды ад вяровак на руках, што яскрава адзначалася. А пасля распранання, тое, што я ўбачыла, у яго на жываце – у яго, вядома, усё было збіта», – кажа Святлана Коржыч, маці Аляксандр.

Падчас следства загінуў сведка

Больш таго, спадарыня Святлана цвердзіць, што нядаўна загінулы ва Уруччы жаўнер служыў з Коржычам і праходзіў сведкам па справе аб смерці Аляксандра. Але ў Міністэрстве абароны не каментуюць сумневаў родных.

«Ці мела ўвогуле месца забойства? Не, не мела. Прадстаўнік Следчага камітэту гэта пацвердзіў. Экспертыза не пацвердзіла інфармацыі пра пашкоджанні на целе жаўнера. Іншыя факты таксама не знайшлі пацверджання», – кажа прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

Аляксандр Коржыч быў псіхічна абсалютна здаровым чалавекам. Гэта пацвярджае і псіхіятрычны агляд, праведзены ў санчастцы за месяц перад смерцю. Зрэшты, тут паўстае пытанне, чаму вайсковыя лекары, убачыўшы сляды здзекаў, не забілі трывогі ды не паведамілі родным.

«Вядома, я лічу, што гэта не давядзенне да самагубства. А гэта забойства! І калі ўжо і зацягнулі ў гэтую пятлю, дык толькі пасля таго, як ён памёр», – лічыць Святлана Коржыч.

Звязаў сабе ногі, надзеў на галаву майку і павесіўся?

Адмыслоўцы ж кажуць – аб’ектыўна меркаваць аб выніках расследавання не можна, не атрымаўшы доступу да камплекту следчых дакументаў. Тым не менш, вывады следства выклікаюць абсалютна лагічныя пытанні.

«Такая ацэнка выклікае ў нас сумнеў і здзіўленне – пра гэта можна казаць цалкам адкрыта. Наўрад дзе-небудзь яшчэ ў гісторыі чалавек мог павесіцца са звязанымі нагамі і пасля гэтага насунуць сабе на галаву майку», кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка дадаў, што ягоная праваабарончая арганізацыя гатовая дапамагчы родзічам загінулага ў расследаванні праўды.

Маці Аляксанадра Коржыча збіраецца дайсці са сваймі патрабаваннямі да кіраўніка дзяржавы, які абяцаў узяць следства пад асабісты кантроль.

«Я кантралюю з трох пазіцыяў гэтую справу. І адмысловымі метадамі сачу за тым, як расследуецца гэтая крымінальная справа», – распавядаў раней Лукашэнка.

Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным летась 3 кастрычніка. Пінчуку быў усяго 21 год. Перад смерцю ён паспеў распавесці маці аб страшэннай дзедаўшчыне, сістэматычным гвалце, крадзяжы і вымаганні грошай у вайсковай частцы ў Печах, што пад Барысавам.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»