Што бацькі думаюць пра цэны на школьных кірмашах


Каму Дзень ведаў, а каму ўдар па кішэні. Беларускія бацькі чарговы год ломяць галаву, як сабраць дзяцей у школу.

Абяцаны заробак 1500 рублёў для беларусаў застаецца марай. У вёсках і мястэчках добра, калі штомесячны прыбытак сягае 300 рублёў.

«Мільёны тры-чатыры патрэбна. Але, калі сціпла, калі ў дзіця застаецца нешта з мінулага году, то два патрэбна», – кажа Язэп Квач з вёскі Жукоўшчына, што ў Шаркаўшчынскім раёне.

Жыхарам рэгіёнаў прыходзіцца ашчаджаць і здаваць ягады, круціцца, адным словам, каб выправіць дзяцей у школу.

«Дарагавата дзяцей сабраць у школу, трэба купіць і вопратку: куртку, спартовы касцюм і нейкую торбу ў школу і сшыткі, асадкі, вокладкі і ў 300-350 рублёў укласціся, а па Глыбокаму гэта сярэдні заробак», – кажа жыхарка райцэнтру.

Іншая распавядае пра сваю сітуацыю:

«Муж някепска атрымоўвае, таму адносна не дорага, але падсабраць, канешне, трэба».

Сваймі думкамі дзеліцца яшчэ адна мама:

«На дваіх дзетак заробак, гэта калі асноўнае набыць. А потым яшчэ будзем дакупаць».

Беларускія банкі лічаць, каб сабраць вучня ў школу, можна выдаткаваць і да 2-х тыс. рублёў. На такую максімальную суму можна ўзяць школьны крэдыт, які выдаецца ажно пад 37 %. Бацькі ж імкнуцца пазбягаць банкаўскіх пазыкаў.

«Цяпер, наколькі я ведаю, ніхто амаль не бярэ крэдыты. Калі раней чулася, што бяруць крэдыты, то цяпер яны па-першае дарагія, па-другое не так іх лёгка атрымаць, па-трэцяе: аддаваць чым? Не будзе заробку, то чым аддаваць? Можа, хто і бярэ, але я б не рызыкнула, шчыра кажучы», – кажа Алёна Лапацкая з вёскі Лужкі (Шаркаўшчынскі раён).

Куды больш аптымістычна настаўленыя бацькі школьнікаў у Менску: і выбар на кірмашах шырокі, і сталічных заробкаў на рыхтаванне да школы збольшага хапае.

«Грошы не вялікія, для працуючай сям’і ўсё дасяжна», – мяркуе жыхар сталіцы.

Іншы пакупнік кажа, што прыходзілася адкладаць, і прызнаецца, што гэта было няпроста.

«Не вельмі дорага, мы задаволеныя выбарам, усё ёсць і вялікая зніжка сёння ў ЦУМе. Мы задаволеныя», – адзначае яшчэ адзін мянчук, які збірае сына ў школу.

Шырокі асартымент школьных тавараў, якасць – на ўзроўні, але даступнасць коштаў – не для ўсіх.

Глядзіце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu