«Шмат людзей бяруць». У Беларусі – масавы прызыў рэзервістаў


Беларусь працягвае маштабнае правяранне боегатовасці войска. Сотні рэзервістаў у вайсковых частках, а ў некаторых гарадах зʼявіліся нават блокпосты. Планавыя вучэнні ці дэманстрацыя сілы праціўніку?

Прызываюць усіх

Шмат дзе ў Беларусі цяпер можна ўбачыць пункты збору прызыўнікоў з рэзерву. У Магілёве запаснікі мусяць прыйсці да будынку Дому культуры чыгуначнікаў. Нечаканыя позвы выклікаюць здзіўленне.

«Мне ўжо амаль 50 гадоў. Не зусім зразумела. Прызвалі…», – кажа мужчына.

«Яшчэ не паспеў дэмбельнуцца, а тут ізноў», – кажа маладзён.

Як выявілася, позвы прыходзяць непасрэдна на працу. Каб забяспечыць эфектыўнасць прызыву, задзеялі не толькі працаўнікоў ваенкаматаў, але і міліцыю. На зборы даюць усяго некалькі гадзінаў, а некаторых забіраюць адразу ды адпраўляюць у ваенныя гарнізоны. Узрост запаснікоў самы розны.

«Шмат людзей бяруць. Сярод знаёмых вельмі шмат», – кажа мужчына.

«Паёк на содні, дакументы, цёплыя рэчы«, – кажа яшчэ адзін.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі, рэзервістаў накіроўваюць у вайсковыя гарнізоны Менскай, Віцебскай і Магілёўскіх вобласцяў. Афіцыйная мэта збораў – комплекснае правяранне баяздольнасці беларускага войска ды рыхтаванне да выканання разнастайных задачаў. Частка аглядальнікаў лічаць гэтыя вучэнні звычайным крокам дзеля павышэння эфектыўнасці войска. Але для некаторых прызыў і праверка боегатовасці менавіта цяпер – невыпадковыя.

«Расея ў 15 разоў большая за нас, паводзіць яна сябе неадэкватна. Яе баіцца ўвесь свет. Галоўны падпальшчык вайны – Пуцін. Трэба чакаць рознага», – кажа Алесь Станкевіч з Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

У Маскве вырашылі адхіліць Лукашэнку

Дачыненні Менску і Масквы чарговы раз праходзяць праз выпрабаванні. Апошнія эканамічныя канфлікты вакол газу, нафты і харчоў ужо адкрыта называюць войнамі. Кіраўнік краіны дзеянні Расеі не аднойчы называў палітычнымі выпадамі. А ў апошнім выступе Лукашэнкі ізноў прагучаў матыў абароны свабоды і незалежнасці.

«Навошта хапацца за жывое? Навошта нас браць за горла? Без расейскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грошамі і ніякімі лічбамі», – сказаў Лукашэнка.

Частка ж назіральнікаў перакананая, што ў Маскве ўжо прынялі рашэнне аб адхіленні Лукашэнкі ад улады. Такое меркаванне ў каментары нашаму тэлеканалу выказваў вядомы расейскі палітолаг Андрэй Піянткоўскі. Ці Лукашэнку варта баяцца перавароту? Эксперты мяркуюць…

«Залежыць як гэта вайна будзе весціся. Калі старымі метадамі на танках і са зброяй, Беларусь магла б супрацьстаяць толькі ад некалькіх гадзінаў да адных содняў», – кажа Алесь Станкевіч.

Паводле некаторых аглядальнікаў, небяспечныя для незалежнасці Беларусі буйныя супольныя беларуска-расейскія вучэнні, запланаваныя на сакавік. Прысутнасць вялікай колькасці іншаземных вайскоўцаў і тэхнікі могуць быць прыладаю для дзяржаўнага перавароту.

Ян Бабіцкі belsat.eu