Шэнгенскія візы для беларусаў падаражэюць да 80 еўраў


З 60 да 80 еўраў – настолькі могуць узрасці кошты на шэнгенскія візы. У той час як украінцы ездзяць па Еўропе свабодна, візавай лібералізацыі паміж Беларуссю і Бруселем увогуле не бачна.

Згоду на павышэнне цэнаў візаў дала Еўрапейская рада – міністры краінаў Еўразвязу. Цяпер слова за Еўрапейскім парламентам. Павысіць цэны візаў трэба, каб набыць новае праграмнае забеспячэнне ды ўладкаваць консульскіх супрацоўнікаў, неабходных для больш дасканальнай праверкі візавых заявак – тлумачаць у Бруселі.

Падаражэнне візаў – прыкрая навіна, але сядзець дома беларусаў яна не прымусіць.

Жыхары Магілёва:

«Як ездзілі, так і будуць ездзіць, таму што ўсе хочуць падарожнічаць».

«Для мяне гэтая розніца ня будзе мець значэння».

«Дваццаць еўраў – гэта не кошт, каб не наведваць цікавыя краіны. Яна ж не даецца на адзін раз».

«Яно і раней было дорага. А цяпер будзе яшчэ даражэй. Цэны растуць, а заробкі стаяць на месцы. Самі рабіце высновы».

Пакуль што беларусы застаюцца адным з самых зацікаўленых Еўропай народам свету. Але плацяць за пропуск у Еўразвяз беларусы таксама найбольш.

Украінцы ўжо год ездзяць на Захад без візаў. Расейцы карыстаюцца дамоваю пра спрашчэнне візавага рэжыму, а ў Беларусі такой дамовы з Бруселем няма.

«Шкада, што дагэтуль беларускі МЗС, які працягвае перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму з Еўразвязам, і Брусель не дамовіліся. У гэтым выпадку візы бы сёння каштавалі 30 еўраў, а пасля павышэння – 40 еўраў», – кажа Алесь Зарэмбюк з «Беларускага дому» ў Варшаве.

Менск прыняў прапанову Еўразвязу пачаць перамовы аб візавай лібералізацыі 4 гады таму. Але заключэнню пагаднення перашкодзіла патрабаванне Бруселю падпісаць дамову аб рэадмісіі.

«Беларусь не пагаджаецца прымаць тых людзей, якіх дэпартуе любая краіна Еўразвязу, якая мяжуе з Беларуссю – будзь гэта Польшча, Літва, Латвія», – кажа Алесь Зарэмбюк з «Беларускага дому» ў Варшаве.

Менск заяўляе, што не падпіша дамову аб візавай лібералізацыі на іншых умовах, чым Расея ці Арменія, якія зрабілі гэта больш за 10 гадоў таму. Тады патрабаванні да суседзяў ЕЗ былі мякчэйшымі.

«Там ёсць яшчэ некалькі момантаў, якія застаюцца спрэчнымі, над якімі мы працуем, але я аптыміст і спадзяюся, што нам удасца выправіць гэтыя недасканаласці», – заяўляў міністр МЗС Уладзімір Макей.

МЗС Беларусі заяўляла, што дамова можа быць падпісаная ўжо сёлета. Аднак эксперты скептычныя да гэтых абяцанняў. Закрытай застаецца і іншае акно ў Еўропу – дамова аб малым памежным руху з Польшчай і Літвою.

Ратыфікаваныя 8 гадоў таму дакументы Менск не ўводзіць у жыццё з эканамічных меркаванняў. Менск баіцца масавага імпарту.

«Шматлікія тавары ў Польшчы ўсё ж таннейшыя. І цяпер, калі ў Беларусі вельмі невялікія заробкі, гэта сапраўднае выратаванне для шматлікіх сем’яў, якія жывуць у памежнай зоне», – кажа Алесь Зарэмбюк з «Беларускага дому» ў Варшаве.

Беларускія ўлады адчыняюць краіну для замежных турыстаў. Пры гэтым не надта намагаюцца спрасціць паездкі за мяжу сваім грамадзянам.

Заўтра Менск наведаюць еўракамісар па палітыцы добрасуседства Ёганэс Ган і еўракамісар па пытаннях лічбавай эканомікі Марыя Габрыель. Ці будуць з імі размаўляць пра візы – у беларускага МЗС даведацца не ўдалося.

Аляксандр Папко belsat.eu