Саудаўская Аравія рыхтуецца прызнаць смерць журналіста ў часе допыту


У смерці журналіста Джамаля Хашоґжы вінаватыя «залётныя забойцы». Сваёй версіяй знікнення аднаго з найбольш зацятых крытыкаў уладаў Саудаўскай Аравіі падзяліўся прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Лідар Задзіночаных Штатаў спаслаўся пры гэтым на тэлефонную размову з саудаўскім каралём. Сальман бін Абд аль-Азіз аc-Сауд, паводле Трампа, катэгарычна адмаўляе, што ведае хоць нешта пра лёс Хашоґжы.

Два тыдні з моманту знікнення, наяўнасць аўдыё- і відэасведчанняў забойства ў турэцкіх спецслужбаў – аднак канчатковага вердыкту адносна лёсу саудаўскага журналіста Джамаля Хашоґжы, які 2 кастрычніка зайшоў у будынак консульства сваёй краіны ў Стамбуле і больш адтуль не выйшаў, дагэтуль няма. Арганізацыя Ад’яднаных Нацыяў заклікала зняць дыпламатычны імунітэт з усіх датычных да меркаванага забойства журналіста, а таксама абшукаць пасольства.

Рупэрт Колвіл, прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН у справе правоў чалавека:

«Паводле міжнароднага права, у выпадку гэткіх сур’ёзных злачынстваў, як ґвалтоўнае знікненне ды пазасудовае забойства, дыпламатычны імунітэт не павінен выкарыстоўвацца, каб перашкаджаць расследаваць, што адбылося і хто за гэта адказны».

Паводле афіцыйнай Анкары, Джамаля Хашоґжы забілі, а затым расчлянілі ды пахавалі на тэрыторыі консульства. Пры гэтым забойства запісвалася на ягоны гадзіннік, а аўдыё было перададзенае на тэлефон ягонай нявесты. Пацверджанне гэтай версіі выявілі і турэцкія следчыя, якія ўначы на аўторак разам з прадстаўнікамі кіроўнай саудаўскай дынастыі Эр-Рыяду ўвайшлі ў будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Стамбуле.

Таіп Эрдаган, прэзідэнт Турэччыны:

«Сярод іншага, следчыя выявілі сляды фарбы, якой замалявалі нейкія таксічныя матэрыялы».

Тым часам амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведамляе, што Саудаўская Аравія рыхтуецца прызнаць смерць журналіста ў часе допыту. Мяркуецца, што ў афіцыйнай справаздачы будзе адзначана, што намеру забіваць Хашоґжы не было і што гэта трагічная выпадковасць. Маўляў, насамрэч яго папросту хацелі выкрасці ды вывесці на радзіму. Таксама ў дакуменце плануецца падкрэсліць, што аперацыя ладзілася без дазволу ўладаў, а таму вінаватыя ў смерці Хашоґжы будуць пакараныя.

Валера Руселік, belsat.eu