«Сапраўдны мужык» Пуцін зноў стане прэзідэнтам


Апытанне Левада-цэнтру пра Пуціна – гэта меркаванні 1600 расейцаў з розных рэгіёнаў, сабраныя ў іх удома. Галоўны вынік апытання: праца Пуціна пакуль падабаецца большасці. Моцная сямёрка паводле дзесяцібальнай сістэмы.

Як паведамілі «Белсату» ў Левада-цэнтры, рэйтынг прэзідэнта Расеі ўзляцеў угару пасля анексіі Крыму.

Пуцін даў расейцам адчуванне велічы

«Не сам факт далучэння Крыму быў важны, пра гэты забылі даволі хутка, хаця і была нейкая эйфарыя… Тут важна было адчуванне таго, што Расея адраджаецца, як вялікая дзяржава», – тлумачыць сацыёлаг Левада-Цэнтру Дзяніс Волкаў.

Што вам падабаецца ў Пуціне, спыталі сацыёлагі. Рэспандэнты выбіралі эпітэты самастойна і маглі назваць больш за адну пазіцыю. 19 % расейцаў назвалі Пуціна мужным, цвёрдым, сапраўдным мужыком. Прыкладна столькі ж цэняць прэзідэнта за замежную палітыку. Сам Крым адцвіў, але ўражанні засталіся.

«Калі мы паглядзім на тое, чым ён падабаецца, там канкрэтных дасягненняў не так шмат. Гэта замежная палітыка і толькі дзесьці ўнізе эканамічная стабільнасць. Іншая справа – ягоны тэлевізійны імідж», – дадае спадар Волкаў.

Адмоўныя рысы Пуціна

Забыўся на просты народ, не клапоціцца пра людзей. Трохі менш расейцаў лічаць, што прэзідэнт занадта мяккі да міністраў і Дзмітрыя Мядзведзева. Аўтарытарнасць і рэпрэсіі супраць апазіцыі рэспандэнтаў амаль не хвалююць. А кожны пяты расеец увогуле лічыць Пуціна ідэальным.

Паводле апытання, улада прэзідэнта трымаецца найперш на сілавіках, алігархах і чыноўніках. І гэтыя групы грамадства ён падтрымлівае ў адказ. Сярэдні клас і простыя працаўнікі аддзяляюць падзенне свайго дабрабыту ад велічы Расеі, мяркуе палітолаг Сяргей Нікалюк. А прапаганда можа толькі ўзмацніць ці аслабіць тое, што і так ужо жыве ў галовах людзей.

Хоць недзяржаўны Левада-цэнтр ужо абвешчаны ў Расеі »замежным агентам«, там перакананыя, што вынікі іхнай працы ўлады будуць улічваць, у тым ліку ў выбарчай кампаніі Уладзіміра Пуціна.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum