Саміт у В'етнаме: афіцыйнай сустрэчы між Трампам і Пуціным так і не адбылося


Доналд Трамп і Уладзімір Пуцін прынялі ўдзел у форуме Азіяцка-Ціхаакіянскай эканамічнай супрацы. Нягледзячы на тое, што афіцыйнае сустрэчы між Доналдам Трампам і Уладзімірам Пуціным не адбылося, лідары паспелі перакінуцца некалькімі словамі падчас фатаграфавання. І толькі пасля распавялі пра свае дыялогі журналістам.

«Я веру, што прэзідэнт Пуцін сапраўды перакананы, моцна перакананы, што ён не ўмешваўся ў нашыя выбары. Так яно і было», – заявіў Трамп.

Уладзімір Пуцін аказаўся куды менш прыязны ў сваіх выказваннях. Сярод іншага, вымогу зарэгістраваць тэлеканал Russia Today у якасці «іншаземнага агента» прэзідэнт Расеі назваў ціскам на свабоду слова.

«Атака на нашыя медыі ў Злучаных Штатах – гэта атака на свабоду слова. Без усялякіх сумневаў. Мы расчараваныя, як кажуць у такіх выпадках», – адзначыў Пуцін.

Гаспадар Крамля звярнуў увагу на тое, што Масква абавязкова павінная прыняць захады ў адказ, якія будуць насіць люстраны характар.

Тым часам Доналд Трамп працягнуў рабіць досыць прыязныя ўхілы ў бок Масквы. Распавядаючы пра вынікі в’етнамскага саміту ў тўітэры, прэзідэнт ЗША абвінаваціў сваіх палітычных апанентаў у русафобіі.

«Калі ўжо ўсе ненавіснікі і дурні ўцямяць, што добрыя адносіны з Расеяй – гэта добра, а не дрэнна. (…) Я хачу развязаць пытанні Паўночнай Карэі, Сірыі, Украіны, тэрарызму, і Расея можа моцна дапамагчы!», – напісаў Трамп.

Што праўда, пакуль далей за тўіты справы не ідуць. Шмат якія адмыслоўцы перакананыя: прэзідэнт ЗША не можа пайсці на саступкі Маскве ў тым ліку і праз абвінавачанні ягонага атачэння ў сувязях з Расеяй. Гэтак, цяпер Белы Дом намагаецца максімальна адмежавацца ад Пола Мэнафарта, які ўжо другі тыдзень перабывае пад хатнім арыштам. Былому начальніку выбарчага штабу Трампа выстаўленыя афіцыйныя абвінавачанні ў змове супраць ЗША.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат». Фота – RT