Салідарнасць з затрыманымі


Менск, Берасце і Віцебск, Бяроза і Пінск, Полацк і Ворша – акцыі салідарнасці з затрыманымі 25 сакавіка прайшлі ў гарадах Беларусі. У Гомлі актывісты акцыі не планавалі, але міліцыя ўсё адно рыхтавалася.

Пра магчымае ўжыванне фізічнае сілы сёння бадай што нагадваць і не трэба. Менавіта пратэставаць супраць брутальных дзеянняў сілавікоў і на знак салідарнасці з затрыманымі падчас учорашніх акцыяў выйшлі людзі на плошчы беларускіх гарадоў. У сталіцы збіраліся на Кастрычніцкай.

Паводле папярэдніх падлікаў, каля паўсотні ўдзельнікаў акцыі затрыманыя як на самой плошчы, гэтак і на падыходах да яе.

У Магілёве каля паўсотні салідарных з затрыманымі сабраліся на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Там людзей не затрымлівалі, але адкрыта здымалі. Хлопцы ў цывільным заставаліся на вуліцы нават пасля таго, як натоўп разышоўся.

Нашым журналістам людзі распавядалі, што на прадпрыемствах гораду перад выходнымі адбыліся адмысловыя сходы, дзе працаўнікам раілі не пратэставаць. Але сёння людзі ўсё адно выйшлі.

Папярэджвалі пра звальненні за ўдзел у акцыях і пінчукоў. Але некалькі дзясяткаў асобаў выйшлі на цэнтральную плошчу, вядома пра некалькіх затрыманых. У Берасці затрыманыя 14 асобаў, якія былі на плошчы Леніна ці праходзілі паўз яе, пазней усіх адпусцілі.

У Бабруйску плошчу Перамогі, дзе мелася праходзіць сённяшняя акцыя, міліцыянты папросту зачысцілі. Больш за тры дзясяткі асобаў былі адвезеныя ў мясцовы ГУУС, дзе іх пратрымалі больш за тры гадзіны.

Ад некалькіх дзясяткаў і да сотні асобаў – акцыі салідарнасці прайшлі агулам у дзясятку райцэнтраў, міліцыянты прэвентыўна затрымлівалі актывістаў, у некаторых зладзілі ператрусы. Але прафесар Мікола Савіцкі, які браў удзел у сённяшняй менскай акцыі, мяркуе, што народ ужо не баіцца.

Мікола Савіцкі, прафесар:

«Прайграў не Статкевіч, не арганізатары святкавання, прайграў не беларускі народ учора, прайграў прэзідэнт і ўлада, выставіўшы неадэкватную сілу»

Падчас акцыі ў Менску перад тым, як пачаць затрыманні, міліцыянт праз мегафон папярэджваў, каб прадстаўнікі медыяў, а таксама мінакі адышлі на бяспечную адлегласць. Вось толькі ці ёсць цяпер у краіне бяспечная адлегласць?

Ірына Дарафейчук, belsat.eu