Саакашвілі: Мы пасунем іх ад кармушкі


Канфрантацыя паміж паліцыяй і пратэстоўцамі ля Кастрычніцкага палацу ў Кіеве напярэдадні набыла брутальны характар. Удзельнікі бойкі нават ужылі газ невядомага паходжання.

У выніку спробы прыхільнікаў Міхэіла Саакашвілі прарвацца ў палац пацярпелі прынамсі 32 паліцыянты і 60 гвардзейцаў. Сам экс-кіраўнік Адэскай вобласці поўнасцю адмежаваўся ад штурму і назваў яго правакацыяй невядомых дзеля дыскрэдытацыі мірнага пратэсту.

Пры гэтым уласна ісці да Кастрычніцкага палацу Саакашвілі мітынгоўцаў заклікаў, каб стварыць там палітычны штаб, і толькі ўжо на месцы прасіў спыніць гвалтоўныя дзеянні.

Палітык адмовіўся ад допыту ў Генеральнай пракуратуры

Ён заявіў, што крымінальную справу мусяць перадаць у Службу бяспекі. Саакашвілі інкрымінуюць судзеянне чальцам злачыннай арганізацыі, якая нібыта планавала дзяржаўны пераварот. Паплечнікі прэзідэнта Парашэнкі выступаюць за экстрадыцыю Саакашвілі «куды заўгодна».

«У той час як дзейная ўлада, прытрымліваючыся закону, дзее ў прававым полі ў дачыненні яго, ён, як Пуцін, пагарджае вяршэнствам права, скажае пастулаты аб свабодным пратэсце, свабодзе слова, парушае законы і стварае віртуальную прастору негатыву», – кажа Ірына Фрыз, дэпутатка Вярхоўнай Рады з блоку Пятра Парашэнкі.

Саакашвілі і не думае здавацца

«Мы ўсё роўна пасунем іх ад кармушкі, мы ўсё роўна пасунем іх ад улады, і мы зачынім гэтую кармушку. Нават калі для гэтага спатрэбіцца маё жыццё», – зазначыў Міхэіл.

Праўда, лідар Руху новых сілаў прызнаў, што пакуль не можа перадухіліць правакацыяў на сваіх пратэстах. А таму бліжэйшым часам адмаўляецца ад правядзення вялікіх маршаў.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum