Аб'ектыў 21.04.2017 Са следчага ізалятару адпусцілі Вячаслава Касінерава




Заходнія палітыкі і дыпламаты ўжо не раз вызначалі «чырвоную лінію», за якую не можа заходзіць сілавы апарат Аляксандра Лукашэнкі – наяўнасць у Беларусі палітвязняў.

Грамадскае абурэнне рэпрэсіямі, дзейнасць праваабаронцаў і мяккі ціск Захаду далі частковы плён – сілавікі паволі адпускаюць самых актыўных грамадскіх актывістаў, затрыманых паводле сумнеўных крымінальных справаў.

Сёння пасля больш чым месяца арышту пабачыў сваіх блізкіх Вячаслаў Касінераў. Падрабязнасці распавядзе Яраслаў Сцешык.

У Менску са следчага ізалятару адпусцілі Вячаслава Касінерава. Пакуль паводле падпіскі пра нявыезд. Грамадскі актывіст, анархіст Касінераў застаецца пад следствам, яго абвінавачваюць у хуліганстве і пагражаюць трыма гадамі пазбаўлення волі за акцыю насупраць Міністэрства ўнутраных справаў. 12-га сакавіка Вячаслаў накінуў вяровачную пятлю на шыю скульптуры царскага гарадавога.

У пачатку красавіка адразу 9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў у супольнай заяве прызналі Вячаслава палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў спыніць крымінальны пераслед актывіста. Разгляд крымінальнай справы распачнецца ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы ў наступны чацвер.

Цяпер Касінераў плануе адпачыць з блізкімі ды распісацца з нявестаю.

У ізалятары і следчыя, і пракуроры, і ахова казалі Вячаславу, што адміністратыўная справа сталася крымінальнаю праз асабістую абразу Ігара Шуневіча. Міністр унутраных справаў, вядомы любоўю да формы НКВД, вельмі перажывае за статую царскага гарадавога, якую ён урачыста адкрываў.

Даходзіла да абсурду: нядаўна міліцыя затрымала менчука, чый сабака задраў лапу на святыню Шуневіча. Тады, аднак, да крымінальнай справы не дайшло.

Касінераў не адзіны фігурант палітычнага пераследу, якога ўлады выпусцілі з ізалятару паводле падпіскі пра нявыезд. У мінулую суботу са следчых ізалятараў выйшлі маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, якіх не было.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары