Рыгор Кастусёў узначаліў Партыю БНФ


У Менску адбыўся васемнаццаты зʼезд Партыі БНФ. Больш за 170 чалавек сабраліся ў сталічным Палацы мастацтваў, каб паслухаць справаздачу папярэдняга ды абраць новага старшыню партыі.

Ад былой супрацаўніцы музею да прадпрымальніка, ад мясцовага актывіста да намесніка старшыні партыі. Інтрыга і гарачыя дыскусіі не сціхалі да моманту галасавання: хто ж павядзе Партыю БНФ да новых перамогаў, па якіх засумавалі і лідары, і партактыў.

Кропку паставілі дзве траціны са 170 дэлегатаў. Партыю ачоліў – зямляк Лукашэнкі Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў – экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта ад БНФ у 2010-м годзе, былы дырэктар саўгаса і будаўнічых кампаній, працаваў таксама на кіроўных пасадах у сферы ЖКГ. У планах Кастусёва – адраджэнне структураў БНФ у рэгіёнах і больш актыўнае прыцягненне моладзі. Таксама ён хоча вярнуць у Партыю «залаты запас» – выбітных людзей, якія калісьці былі ў яе складзе.

«Першыя крокі – гэта фармаванне апарату ўправы, даручэнне сябрам сойму ўзначаліць энныя камісіі – гэта культурніцкія, навучальныя, адукацыйныя і гэтак далей. Гэта першыя крокі. І адразу ж пачаць падрыхтоўку да выбарчай кампаніі мясцовых выбараў і да прэзідэнцкіх выбараў», – адзначыў новаабраны старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Да сёння лідар БНФ, а цяпер адзін з намеснікаў старшыні партыі Аляксей Янукевіч, вельмі станоўча ацаніў мінулыя дзве кадэнцыя свайго кіравання.

«Самае галоўнае – што партыя БНФ не проста стала самастойнай, але і фармуе палітычны парадак дня ў краіне. Тыя тэмы і праблемы, якія мы чапляем і выносім у грамадскую сферу, яны становяцца топавымі – абмяркоўваюцца і вырашаюцца на тую ці іншую карысць», – кажа экс-старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Афіцыйна сябрамі партыі БНФ зарэгістраваныя прыблізна шэсць тысячаў чалавек, аднак, паводле ўнутраных ацэнак, актыўных – у чатыры разы менш. Не зважаючы на ўнутраныя праблемы, нястачу кадраў і фінансаў, актывістаў БНФ не пакідае вера ў адраджэнне нацыянальнага руху ды ўласна партыі.

Актывісты Партыі БНФ кажуць:

«Больш нейкіх нестандартных крокаў трэба рабіць – выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, прыцягваць незаангажаваную моладзь».

«Партыя павінная аднавіцца да таго стану, у якім яна была ў 90-я гады. Дзеля гэтага трэба ісці на пэўныя кампрамісы, у тым ліку, зважаць на погляды людзей і ісці далей».

Партыя БНФ мае багатую гісторыю. У 90-ыя гады яе сябры бралі чынны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны, а «Беларускі народны фронт» зрабіўся фактычна першай альтэрнатываю камуністычнай партыі. Якою ж будзе будучыня цяперашняга БНФ з яго новым лідарам, зразумеем ужо бліжэйшым часам.

Сцяпан Святлоў, «Белсат». Фота – narodny.org