«Русский мир» забараняюць у беларускіх школах


«Русский мир» – цяпер і для беларускіх школьнікаў. Гомельская крама «Усё па 25», што месціцца ў гандлёвым цэнтры на вуліцы Агарэнкі 33, прапаноўвае айчынным пакупнікам школьныя дзённікі з расейскім трыкалорам на вокладцы.

«Дзённік расейскага школьніка» каштуе Br 1.25

Але нават за такую невялікую суму, кажа прадавачка, яны абсалютна не карыстаюцца попытам.

«Дырэктар набывае ў Маскве, вось ён і прывёз. Я не ведаю, навошта ён іх набываў. Можа, думаў, што пойдуць. А яны не ідуць». – прызнаецца прадавачка.

Не прыдаўся такі дзённік і дачцэ прадавачкі

Школьная настаўніца папрасіла замяніць яго на беларускі. Мы ж запыталі самых гомельцаў, ці набылі б яны расейскі дзённік сваім дзецям.

«У мяне хлопец вучыцца ў беларускай школе, навошта яму расейскі дзённік?»

«Расейскі дзённік я б купіла. Украінскі купіла б. Беларускі б купіла, нават два. А амерыканскага ніводнага»

«Нармальна. Саюзная дзяржава. Чаму б не?»

«Лічу, што ў Беларусі трэба беларускі»

«Ну, у нашай краіне ўсё што хочаш бывае»

– мяркуюць жыхары Гомля.

Не «Беларусь», а «Белоруссия»

І сапраўды, за прыкладамі, калі беларускім пакупнікам прапаноўваюцца тавары, відавочна разлічаныя на расейскага спажыўца, далёка хадзіць не трэба. Гэтак, напрыканцы снежня журналісты «Белсату» знайшлі ў адной з берасцейскіх крамаў глобусы з «расейскім», а не ўкраінскім Крымам. Нашая ж краіна на такім глобусе была падпісана не Беларусь, а «Белоруссия». Перыядычна на айчынных паліцах зʼяўляюцца і магніты з выяваю Сталіна, кашулькі з выявамі Пуціна ды расейскага трыкалору.

«Але калі мы кажам пра сістэму адукацыі, гэта ўжо іншае. Гэта ўжо не нейкі сувенір, гэта выхаванне патрыятызму, нацыянальнай свядомасці, нацыянальнай ідэнтычнасці, і гэта ўжо больш сурʼёзныя, глыбокія рэчы. Адпаведна, у школе не павінна быць штучнага насаджэння культуры іншай нацыі», – упэўнены былы настаўнік гісторыі Васіль Палякоў.

Як змагацца з праявамі «русского мира» ў Беларусі?

Трэба змагацца комплексна – пісаць скаргі ў кнігу заўваг і прапановаў, паведамляць пра такія выпадкі ў медыі ды нават ладзіць грамадскія кампаніі.

Віталь Бабін, «Белсат»