«Рука Крамля» дабралася да «Фэйсбука»?


Больш за палову апытаных амерыканцаў лічаць, што Расея паўплывала на выбары прэзідэнта ЗША праз «Фэйсбук». Гэткія вынікі падае даследаванне, зладжанае на замову тэлеканалу «CNN».

Пацвярджае высновы і кіраўніцтва сацсеткі, якое ўжо заяўляе пра кардынальныя змены ў сваёй рэкламнай палітыцы.

«Фэйсбук» заявіў пра атаку «фабрыкі троляў» напярэдадні леташніх прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Адміністрацыя сацыяльнае сеткі выявіла 3 тыс. платных абʼяваў, скіраваных на маніпуляванне грамадскаю думкаю. Яны былі апублікаваныя з фэйкавых акаўнтаў.

«Мы расследавалі гэта цягам месяцаў і пэўны час не знаходзілі ніякіх доказаў падробных дзеянняў, якія былі б звязаныя з расейскім уплывам. І калі мы нядаўна выявілі гэтую дзейнасць, мы падалі гэтую інфармацыю ў Канцылярыю адмысловага дарадцы ды праінфармавалі Кангрэс», – заяўляе заснавальнік сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрг.

Доналд Трамп крытычна адрэагаваў на заяву ў сваім «Тўітэры».

«Містыфікацыі адносна Расеі працягваюцца, цяпер гэта рэклама на «Фэйсбуку». Што тады можна сказаць пра тое, як несумленна і неабʼектыўна пісалі медыі на карысць Гілары?» – такі допіс змясціў прэзідэнт ЗША.

Паводле «The New York Times», ценявыя расейскія кампаніі, звязаныя з Крамлём, выдалі на палітычную рэкламу больш як $ 100 тыс. Але Крэмль заявіў, што нічога пра гэта не ведае.

Вось што заявіў прэс-сакратар Уладзімір Пуціна Дзмітрый Пяскоў:

«Мы не ведаем, хто ды як размяшчае рэкламу ў «Фэйсбуку», і ніколі гэтым не займаліся, і ніколі расейскі бок не быў гэтага датычны».

Каб супрацьстаяць такім маніпуляцыям, «Фэйсбук» перагледзіць палітыку бяспекі і ўвядзе новыя правілы публікацыі палітычнае рэкламы.

«Цяпер пры публікацыі палітычнае рэкламы «Фэйсбук» будзе паказваць старонку таго, хто заплаціў за яе. Таксама карыстальнікі змогуць перайсці на гэтую старонку і пабачыць, якія яшчэ абʼявы размяшчаліся з гэтае старонкі», – адзначыў Марк Цукербэрг.

Таксама заснавальнік сацыяльнай сеткі запэўніў, што працаўнікі «Фэйсбуку» звернуць асаблівую ўвагу на бяспеку падчас парламенцкіх выбараў у Нямеччыне, што адбудуцца ўжо заўтра.

Настасся Храловіч, belsat.eu