Роўна 100 гадоў таму Рада БНР зацвердзіла першы варыянт беларускай Канстытуцыі


Сённяшні дзень мае асаблівае значэнне для гісторыі незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі. Роўна 100 гадоў таму Рада Беларускай Народнай Рэспублікі зацвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР. Падзея гэтая не толькі гістарычная, але, у сённяшніх умовах, яшчэ і палітычна важная.

Калі хтосьці думаў, што беларусаў няма, то гэта вялікая памылка. Нашыя суайчыннікі ведаюць і пра абвяшчэнне БНР 25-га сакавіка, і пра зацвярджэнне Часовай Канстытуцыі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918-м годзе.

Жыхары Менску распавядаюць:

«Гэты дзень важны. Гэта частка нашай гісторыі і культуры».

«Нацыя прыйшла да самавызначэння, вылучыла свае асаблівасці з розных нацыяў… для мяне гэта вельмі важна».

«Якія б ні былі сувязі з Расеяй, хай гэта будзе братэрская краіна. Але мы незалежныя, таму гэта свята».

«Гэта важна, бо мы беларусы. Жыве Беларусь!»

У той час, пасля Першай сусветнай, на мапе Еўропы з’явілася адразу некалькі новых нацыянальных дзяржаваў. Менавіта 100 гадоў таму ў БНР, як і ў суседзяў, у складаных умовах з’явіліся гістарычныя падмуркі, якія надаюць гонар і гістарычную легітымнасць існаванню незалежнай дзяржавы.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода»:

«Менавіта такім падмуркам для сучаснай Беларусі, з пункту гледжання многіх нацыянальна арыентаваных людзей, ёсць Канстытуцыя БНР, як першы юрыдычны крок да стварэння сучаснай беларускай дзяржаўнасці».

Часовая Канстытуцыя, якую зацвердзіў Народны Сакратарыят на чале з Антонам Луцкевічам, была прадуманая і дэмакратычная, кажадоктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч:

«Яны абвесцілі парламенцкую рэспубліку, што галоўным органам будзе Сойм. А пакуль Сойм не выбраны, Рада БНР будзе мець паўнату ўлады. Мне спадабалася там прапісанае прадстаўніцтва ад усіх буйных грамадскіх арганізацыяў і ўсіх меншасцяў, усіх народаў, што там жылі».

Планавалася, што ў лістападзе ў БНР зʼявіцца пастаянны, грунтоўны асноўны закон. Але гэтыя планы былі разбураныя, і ў выніку ў Менск увайшла Чырвоная Армія. Аляксандр Краўцэвіч, доктар гістарычных навук:

«Стварэнне войска, абвяшчэнне Канстытуцыі – канешне, гэта ўплывала на палітыку Масквы. Канешне, яны рыхтавалі нейкія хады ў адказ. І гэтым ходам стала абвяшчэнне БССР».

Сённяшнія ўлады далёкія ад дэмакратычных традыцыяў БНР ды парламенцкай рэспублікі. Афіцыйныя святы таксама звязаныя з савецкай гісторыяй.

100-годдзе абвяшчэння БНР дэмакратычная супольнасць Беларусі адзначыла самастойна. Ва ўсёй краіне людзі арганізавалі імпрэзы, звязаныя з гісторыяй незалежнасці. Кульмінацыяй святкавання Дня Волі 25-га сакавіка стаў дазволены, маштабны канцэрт у Менску ля Опернага тэатру. Хоць і гэтую падзею ўлады азмрочылі брутальнымі затрыманнямі ў іншых месцах сталіцы. Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода»:

«Дэмакратычная супольнасць паказала, што здольная ісці насустрач уладам, ісці на дыялог і кампраміс дзеля нейкіх важных, святых рэчаў, як святкаванне 100-годдзя БНР. А ўлада ў адказ паказала, што кампраміс будзе чыста сітуатыўным».

Нават гарадскія ўлады – перашкаджаюць усталяваць мемарыяльную табліцу на будынку ў Менску, дзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Выдача дазволу зацягнулася ўжо на 7 месяцаў. Ігар Барысаў, старшыня БСДП (Грамада), 19.09.2018:

«Шыльда – гэта краевугольны камень у павароце да нацыянальнай дзяржавы. І таму яна выклікае ў асобных груповак велізарную занепакоенасць і заклапочанасць».

Дэмакратычная супольнасць, аднак, не губляе спадзеваў дамовіцца. Гэтак, сёння старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў перадаў у Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы прапановы аб святкаванні Дня Волі ў наступным годзе.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu