Рост коштаў на паліва. Чакаць пратэстаў?


Каб скампенсаваць рост цэнаў на расейскую нафту і павышэнне акцызаў, кошты на паліва ў Беларусі неабходна падняць на 23 %. Пра гэта ў каментары газеце «СБ-Беларусь сегодня» заявіў намеснік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў. Паводле яго, за апошняе паўгоддзе цэны на расейскую сыравіну выраслі больш як на чвэрць.

З 2015 года Расея рэалізуе «падатковы манеўр»

Крэмль павышае ўнутраныя кошты на нафту да сусветнага ўзроўню. А замест мыта з нафтапрадуктаў, якія прадаюцца за мяжу, расейскія НПЗ пачынаюць плаціць падатак на здабыццё карысных выкапняў. У выніку Беларусь губляе важную крыніцу субсідыяў – танную расейскую нафту.

«Беларускі бюджэт страціць прыбытак ад мытаў на нафтапрадукты. Таму гэтая «дэльта», якую Беларусь зарабляе, дзякуючы розніцы цэнаў на нафту і нафтапрадукты, абнуліцца. Падтрымліваць нафтаперапрацоўчую галіну будзе вельмі складана, таму цана бензіну будзе набліжацца да рынкавага кошту. Іншага выйсця няма», – тлумачыць эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак.

Рэзкі рост цэнаў на паліва ўжо прыводзіў да масавага пратэсту

У чэрвені 2011-га сотні машынаў перакрылі праспект Незалежнасці ў Менску. Бунт кіроўцаў прымусіў улады Беларусі «адкруціць» кошты назад.

Але сёння акцыі «Стоп-бензін» ужо не адбудуцца – мяркуе колішні ўдзельнік пратэстаў, сябра руху «За аўта!» Фёдар Сухаў.

«Выжываць цяпер вельмі цяжка, і лішнія содні сядзець ніхто не хоча. Цяпер улады ў такім палажэнні, што могуць рабіць усё, што заўгодна. Ніхто супраціўляцца не будзе – народ змірыўся», – упэўнены ён.

Цана літру бензіну можа дасягнуць $ 1. Гэта на 40 % больш, чымся сёння. Аднак наўрад ці павышэнне коштаў будзе рэзкім. Менск не хоча падштурхоўваць інфляцыю, як і не жадае новых сацыяльных пратэстаў.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum