Аб'ектыў 21.07.2018 Року ўсё менш. Як змяняецца «Басовішча»


Легендарны фестываль незалежнай музыкі маладой Беларусі распачаўся ў 29-ты раз.

Арганізатары «Басовішча» ўвесь час падкрэсліваюць унікальнасць імпрэзы: тут і дыялог, і партнёрства, і адсутнасць якіх-кольвек межаў. У першую чаргу – паміж маладымі пакаленнямі беларусаў і палякаў. Ды не толькі маладымі: пра моцныя традыцыі фестывалю сведчыць колькасць малых дзяцей, якая штогод расце.

«Прыехалі з сям’ёй ужо другі раз. Два гады таму былі. Летась не атрымалася, але ў гэтым вырашылі завітаць, паглядзець. Падабаецца склад удзельнікаў, і сама атмасфера задавальняе», – кажа Аляксандр з Наваполацку.

За амаль тры дзесяцігоддзя існавання фестываль істотна змяніўся, але захаваў галоўнае – ідэю ды атмасферу сяброўства. Арганізатары – Беларускае абʼяднанне студэнтаў – паклапаціліся і пра іншыя, апрача музыкі, забавы. Ім адвялі месца ў БАСмежжы. Было тут чым заняцца як дарослым, гэтак і дзецям. Тэатр «Črevo», напрыклад, запрэзентаваў «Казкі по-своему» на падляскім дыялекце. Вабілі наведнікаў і шматлікія крамы з сувенірамі ды нацыянальнымі вырабамі, якія стаялі непадалёк.

«Музыка – гэта нешта важнае. Нешта, што спалучае людзей. Таму не перастаем гэтага рабіць. Не перастаем, можна сказаць, ваяваць за ўсю гэтую еднасць, супольнасць людзей», – кажа суарганізатарка фестывалю Лідзія Пякарская.

Арганізатары кажуць, што музыка змяняецца: менш року, больш электроннай музыкі.

Нібы ў пацверджанне гэтых словаў, у конкурсе маладых выканаўцаў сёлета перамаглі электроншчыкі са «SnopSnoŭ».

Але галоўнае – «басы» застаюцца. І налета ўсе збяруцца зноў у юбілейны, 30-ты раз.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары