Рэпрэсіўнае дэжавю: пра што сведчыць затрыманне Ігара Комліка?


Замест вызвалення – краты. Сёння мінуў 72-гадзінны тэрмін, цягам якога, паводле закону, улады мелі вызначыцца, што рабіць далей з затрыманым 2-га жніўня Ігарам Комлікам.

Цуду, аднак, не адбылося. З Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў галоўнага бухгалтара і старшыню Менскай гарадской арганізацыі прафсаюзу РЭП Ігара Комліка перавялі ў Следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«Гэта сведчыць пра тое, што мы маем сітуацыю ўзбуджэння крымінальнай справы, дзе ён прызнаны абвінавачваным па гэтай справе. І таму ён на перыяд, пакуль будзе весціся следства – і прынятая за меру ўзяцце пад варту – будзе знаходзіцца ў СІЗА па вуліцы Валадарскага», – тлумачыць Уладзь Лабковіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Не дапамог затрыманаму і статус палітычнага зняволенага, якім напярэдадні затрыманага прызнаў шэраг праваабарончых арганізацыяў. Крымінальную справу аб ухіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, распачатую супраць Ігара Комліка ды старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, і праваабаронцы, і актывісты ад пачатку акрэслілі як выключна палітычную.

«Не ўсё добра ў эканоміцы. І тое, што гаварылася з Новага года, не выконваецца. Таму трэба гэткую актыўную арганізацыю, як незалежныя прафсаюзы, прыдушыць нейкім чынам і паказаць, дзе каго месца. Мабыць, людзі тады запалохаюцца і змогуць жыць на $ 100 у месяц», – кажа старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч.

Пра палітычны характар справы КомлікаФядыніча сведчыць і фактычна ідэнтычнае паўтарэнне сітуацыі 6-цігадовае даўніны. 4-га жніўня 2011-га года затрымалі і пазней асудзілі па аналагічным абвінавачанні да 4,5 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Як і тады, гэтак і цяпер гаворка вядзецца пра грошы, скіраваныя выключна на арганізацыйную дзейнасць.

«Гэтая сістэма не будзе празрыстая для ўладаў, пакуль у нас ёсць рэпрэсіўныя ўлады, якія фактычна атрыманне вось гэтай гуманітарнай бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы крыміналізавалі сваймі заканадаўчымі актамі. Пакуль будзе гэтая сістэма, мы заўсёды можам мець сітуацыю падобных крымінальных пераследаў», – працягвае Уладзь Лабковіч.

І яшчэ адное супадзенне. Як і шэсць гадоў таму, сёлетняя вясна ў Беларусі адзначыліся масавымі акцыямі пратэсту, справакаванымі эканамічным крызісам. І тады, і цяпер краіна застыла ў жнівеньскім чаканні не менш гарачае пратэставае восені. Улады ўжо заявілі пра вяртанне ў сілу Дэкрэту аб дармаедстве.