Рэпрэсіі не спыняць пратэстаў супраць падатку на дармаедства


Улады рэагуюць на пратэсты грамадзянаў. Што праўда, замест чаканага дыялогу і спробы пачуць людзей, беларусы адчулі хвалю ціску. Міліцыя масава выклікае ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, якія апошнім часам праходзяць у розных гарадах краіны. Але тыя не здаюцца, і плануюць новыя маршы і пікеты.

Ні Віктар Рубцоў, ні Уладзімір Няпомняшчых, ні іншыя актывісты, якіх выклікалі ў міліцыю за ўдзел у гомельскім Маршы недармаедаў, што прайшоў 19-га лютага, так і не дачакаліся сустрэчы з міліцыянтам, хоць прыйшлі а прызначанай гадзіне. На большасць пытанняў прысутны міліцыянт збянтэжана маўчаў.

У пастарункі выклікалі і гомельскіх відэаблогераў – Дзмітрыя Сабурава і Максіма Філіповіча. Тыя абураліся дэкрэтам № 3 у сеціве

У міліцыю актывістаў выклікаюць не толькі ў Гомлі

Позвы ў Магілёве атрымалі тыя, хто падаваў у гарвыканкам заяву на правядзенне маршу, у тым ліку сябра БХД Алег Аксёнаў і кіраўнік магілёўскага аддзялення АГП Уладзімір Шанцаў. На апошняга склалі пратакол за арганізацыю і правядзенне масавай акцыі.

Пратаколамі ды позвамі спрабуюць збіць пратэставую хвалю, дапускае Павал Севярынец. Яму, як і ягонаму аднапартыйцу Віталю Рымашэўскаму, таксама прыйшла позва з’явіцца ў міліцыю.

Маці ж сустаршыні БХД Тацяну Севярынец, як і яшчэ некалькіх актывістаў, пасля ўчорашняга маштабнага пратэсту ў Віцебску затрымалі. Прычым па-ціхаму, ужо пасля акцыі.

У выніку спадарыню Севярынец пратрымалі ў РАУСе некалькі гадзінаў ды адпусцілі, склаўшы пратакол за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

Аднак каардынатарка БХД не баіцца рэпрэсіяў і ўжо называе дату чарговага пратэсту – жыхары Віцебску збіраюцца пратэставаць 25-га сакавіка.

Найбліжэйшы марш нязгодных з дэкрэтам пройдзе ў Берасці ў гэтую нядзелю. На наступную суботу прызначаны пратэст у Пінску. У Менску плануюцца два буйныя маршы – у дзень Канстытуцыі, 15-га сакавіка, і 25 сакавіка на Дзень Волі.

Марына Вашкевіч, «Белсат»