Сустрэчы вызваленых ператварыліся ў акцыі салідарнасці. Былыя арыштанты засведчылі пра новыя падрабязнасці здзекаў і катаванняў у міліцэйскіх пастарунках і сценах ізалятару.
«Спачатку нас зусім не кармілі, другі дзень зносна, пасля толькі каша, а потым наагул не кармілі», – сведчыць пакараны за пратэсты Пётр Рабушка.
«Увечары чалавек у суседняй камеры пачаў жахліва крычэць. Ахоўнікі сказалі, што трэба было раніцою казаць аб сваіх праблемах, а цяпер хоць падыхай», – распавёў іншы рэпрэсаваны Дзмітрый Кавалгін.
Мэта – прыцягнуць гэтак званых праваахоўнікаў да адказнасці.
«Ёсць вельмі жорсткі прапаршчык Валодзя ў Цэнтральным РАУСе. Я буду высвятляць ягоныя дадзеныя і не толькі я. Ён шмат каго збіваў, здзекаваўся і атрымліваў ад гэтага задавальненне», – заявіў спадар Кавалгін.
Таксама да акцыі салідарнасці ў Менску далучыліся прадстаўнікі Свабоднага тэатру.
«Я веру, папросту адчуваю, тое што ўнутры ў людзях нешта змяняецца, змяняецца да лепшага», – шчыраваў паэт і палітык Уладзімір Някляеў.
Тут таксама на свабоду выходзілі пакараныя за ўдзел у нядаўніх пратэстах. Ізалятар часовага ўтрымання пакінулі, між іншымі, прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Васіль Палякоў і Валер Рапнін.
«Першы дзень я галадаваў, таму што былі зачыненыя вокны, не было доступу паветра», – паскардзіўся Валер Рапін.
Некаторых удзельнікаў пратэстаў пасля вызвалення вывозілі ў горад. Іхныя сваякі доўгі час не ведалі пра лёс сваіх блізкіх.
«Гэта так мярзотна. Ад гэтага ў чалавека, у якога слабое сэрца можа памерці. Мы думалі, што яго ўжо ніколі не ўбачым. Яго там няма, яго тут няма», – абуралася бабуля пакаранага арыштам.
У Горадні міліцыянты вывозілі з ізалятару актывіста БХД Сяргея Верамеенку. Ягоныя сябры літаральны вырвалі яго з рук асобаў у цывільным.
Дзесяць і сем содняў арышту атрымалі ўдзельнікі пратэстаў Антон Вайцехаў і Мікалай Салянік. Яшчэ аднаго актывіста, Вадзіма Саранчукова, пакаралі штрафам на Br 345.
Ян Бабіцкі, «Белсат»