Рэгіянальныя кандыдаты: Выбараў няма, але проста сядзець – не выйсце


Выбараў няма, але сядзець склаўшы рукі – таксама не выйсце, сцвярджаюць апазіцыйныя кандыдаты, якія здолелі прайсці рэгістрацыю і атрымаць допуск да лютаўскіх выбараў.

«Белсат» наведаў перадвыбарчыя пікеты ў Баранавічах. Якое ж выйсце, калі выбару няма? Высвятляў Валеры Руселік.

Заснежаныя Баранавічы толькі на першы погляд нагадваюць тыповы і сонны ў гэтую пару райцэнтр. Маркотнасць і апатыю беларускай рэчаіснасці сёння тут разганялі апазіцыйныя актывісты, зарэгістраваныя кандыдатамі на мясцовых выбарах. Сярод іх – старшыня Баранавіцкай філіі прафсаюзаў РЭП Рыгор Грык.

«Я ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі, каб паказаць нашай супольнасці, што ў нашай краіне засталіся героі і патрыёты, якія змагаюцца за грамадзянскія і працоўныя правы», – кажа Рыгор Грык.

Яшчэ адзін тутэйшы кандыдат у дэпутаты – актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікола Чарнавус, які хоць пікетаў пакуль што ладзіць не плануе, але шырокую вядомасць у горадзе займеў яшчэ летась – у часе пратэстаў супраць скандальнага Дэкрэту N 3. Паводле Чарнавуса, некалькі сотняў пратэстоўцаў на баранавіцкім Маршы недармаедаў сталіся выразным сведчаннем таго, што ўладамі мясцовыя людзі не задаволеныя.

«Я размаўляў з людзьмі, калі збіраў подпісы, каб балатавацца кандыдатам у дэпутаты, і магу сказаць: так, людзі, якія трапілі пад Дэкрэт, яны і зараз гатовыя выходзіць, таму што гэта іх зачапіла», – распавядае Мікола Чарнавус.

Пры гэтым нейкага асаблівага даверу ані да ўладаў, ані да выбараў без выбару сярод мясцовых жыхароў «Белсат» не заўважыў. Аднак на тле нежадання ісці ўпустую галасаваць баранавічане куды ахвотней дзеляцца сваймі праблемамі.

«Сітуацыя як па ўсёй Беларусі: працы няма. І заработная плата маленькая», – кажа жыхар райцэнтру.

Іншы заўважае:

«Шмат бяздомных сабакаў. Шмат бяздомных сабакаў – гэта таксама парушэнне грамадскай бяспекі. Трэба іх адлоўліваць, бо ж і дзеці, і страшна на вуліцу выйсці».

Наступны, апытаны намі жыхар, абураецца якасцю гарадскіх дарогаў.

Яшчэ адзін пікет у райцэнтры зладзілі кандыдаты ў мясцовыя дэпутаты ад Руху «За свабоду», якія на рэгістрацыю таксама ішлі праз збор подпісаў.

«Калі сітуацыя будзе такая, што людзі пойдуць на Плошчу, мы будзем разам з імі, безумоўна! Ну а зараз мы выкарыстоўваем магчымасць гэткіх законных акцыяў, каб паказаць вось гэтым людзям, якія сядзяць у сябе дома, якія «нашыя», але не ведаюць, з кім паразмаўляць, да каго прытуліцца. І вось гэткім чынам мы сябе паказваем», – дзеліцца кандыдат у мясцовыя дэпутаты Юры Казакевіч.

Данута Васілюк, таксама кандыдатка ў мясцовыя дэпутаты, зазначае:

«Я калі хадзіла збірала подпісы, то пыталася ў людзей, ці пойдуць на выбары, наагул ці ходзяць на іх. І я вам скажу, што з 80-ці чалавек, ну вось што я сабрала 80 з хвосцікам подпісаў, яны сказалі, што не ходзяць і не вераць, і што ўвогуле няма аніякага сэнсу ад гэтых выбараў».

Між тым сэнс ісці на выбары ёсць – штопраўда, толькі там, дзе ў іх удзельнічае апазіцыя, перакананы старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, які на чале «дэсанту» са сталіцы прыехаў на пікет у Баранавічы падтрымаць паплечнікаў. І пагатоў, паводле палітыка, нават для ўладаў з’яўленне альтэрнатывы мае пайсці на карысць.

«Для ўладаў, калі яна хочуць, каб нешта змянялася і нешта змянялася ў рэгіёнах, патрэбныя таксама адзін-два шчупакі на кожны гарсавет, як у той показцы. Бо гэтыя карасі тут дрэмлюць дзясяткамі гадоў і нічога не робяць, іх роля зведзеная да нуля. І іх трэба альбо распускаць і зачыняць, альбо ажыўляць праз допуск апазіцыі ў мясцовыя саветы», – кажа Юрась Губарэвіч.

Мясцовыя выбары ў Беларусі адбудуцца 18 лютага.