Аб'ектыў 28.01.2017 Рэгіянальныя актывісты распавялі пра падрыхтоўку да «Маршаў недармаедаў»


19-га лютага ў Гомлі, Горадні і Магілёве пройдуць «Маршы недармаедаў», актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі падалі заяўкі на іх правядзенне.

У дазволе мясцовых уладаў некаторыя з іх сумняюцца, але адмяняць акцыі праз гэта не збіраюцца.

Змагацца трэба не з беспрацоўнымі, а з беспрацоўем. «Марш недармаедаў» пройдзе адразу ў трох гарадах краіны – Магілёве, Горадні і Гомлі. Арганізатары маршаў – актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі – падалі адпаведныя заяўкі ў мясцовыя гарвыканкамы. Мэту акцыяў агучвае гомельскі актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых:

«Звярнуць увагу ўладаў на бязмежжа, якое збудаваў асабіста Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, падпісаўшы Дэкрэт N 3 аб гэтак званых «дармаедах». Па вялікаму рахунку дармаеды знаходзяцца ў Драздах, райвыканкамах, выканкамах, але гэта не людзі, якія страцілі працу».

Актывіст сумняецца ў тым, што заяўку задаволяць мясцовыя ўлады, але марш супраць скандальнага дэкрэту з гэтай прычыны ўсё адно адбудзецца. Ці трэба ладзіць такога кшталту акцыі, мы запыталі самых гомельцаў.

«Наўпрост не закранула, але мы частка ўсяго народу», – кажа жыхарка гораду.

Іншы жыхар Гомлю адзначае:

«Акцыя нічога не дасць, але яна патрэбная».

На думку кіраўніка магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава, будучая акцыя мае ўсе шанцы на поспех, бо дэкрэт аб дармаедах здолеў абʼяднаць як прыхільнікаў вулічных пратэстаў, гэтак і тых, хто ніколі ў іх не браў удзелу.

«Шмат хто ўжо пачынае задумвацца над тым, як сябе паводзіць: адседжвацца, варчаць на кухнях альбо прыйсці сюды разам з намі і сказаць рашучае «не» тым глупствам, якія адбываюцца», – кажа Уладзімір Шанцаў.

Але не маршамі адзінымі будуць змагацца супраць збору на дармаедства – актывісты АГП, а таксама прадстаўнікі незалежнага прафсаюзу РЭП працягваюць збіраць подпісы за адмену Дэкрэту N 3.

Агульнанацыянальны ж Марш недармаедаў запланаваны на сталічнай Кастрычніцкай плошчы ў дзень Канстытуцыі – 15-га сакавіка. Ці будуць гэтыя акцыі масавыя, можна будзе пабачыць 17-га лютага, калі адбудзецца «Марш недармаедаў« – раззлаваных беларусаў», якую анансаваў палітык, былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч.

Чытайце таксама:

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары