Рэгістрацыя «Гавары праўду». Што гэта было?


Гады змаганняў, сем спробаў зарэгістравацца. Сёння кампанія «Гавары праўду!» нарэшце святкуе перамогу. Тое, што для іншых апазіцыйных рухаў і партыяў пакуль застаецца немагчымым, для гэтай структуры сталася рэальнасцю дзякуючы зялёнаму святлу з Міністэрства юстыцыі.

Чаму зарэгістравалі?

Цяпер «Гавары праўду!» збіраецца паслядоўна выступаць за развіццё палітычнага дыялогу паміж грамадствам і ўладамі, а таксама за правядзенне рэформаў. Як заявіла кіраўніцтва кампаніі, рэгістрацыя – гэта крок у бок палітычнай лібералізацыі ў Беларусі.

«Гэта жаданне ўлады сёння захаваць дыялог з Еўропай, захаваць дыялог з Захадам. Яны разумеюць, што апошнія арышты вельмі пашкодзілі іміджу краіны», – мяркуе лідар «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

Ці насамрэч можна казаць пра лібералізацыю?

Сёння ў Вярхоўным Судзе апазіцыйная Абʼяднаная грамадзянская партыя змагалася за сваё далейшае існаванне. Кіраўніцтва структуры абскарджвала папярэджанне, якое ў пачатку красавіка вынесла тое ж Міністэрства юстыцыі. Разам з партыяй БНФ і рухам «За свабоду» ведамства залічыла АГП у арганізатары масавай акцыі ў Менску 25-га сакавіка. Паводле чыноўнікаў, прадстаўнікі Абʼяднанай грамадзянскай партыі распаўсюджвалі інфармацыю пра Дзень Волі, хоць афіцыйнага дазволу на правядзенне акцыі не было.

«Гэта не дзейнасць ад імя палітычнай партыі. Няма такога рашэння палітычнай рады партыі на гэты конт. Наша абарона на гэтым грунтуецца. Партыя не арганізатар, а чальцы партыі маюць права», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, лідар партыі.

Канчатковае рашэнне Вярхоўны Суд прыме 17-га траўня. Калі скаргу адкінуць – дзейнасць АГП можа апынуцца пад пагрозаю. У выпадку другога папярэджання, паводле закону, апазіцыйную структуру могуць нават зліквідаваць. Сябры партыі перакананыя, што рашэнне будзе палітычнае.

Што азначаюць сённяшнія падзеі для апазіцыі?

Рэгістрацыя новага руху і чарговыя прэтэнзіі да апазіцыйных структураў са стажам могуць прывесці да запланаванага ўладамі перафарматавання апазіцыі.

«Знішчыць усіх яны не здольныя, таму будуць рабіць кантраст: вось гэтыя добрыя, а вось гэтыя дрэнныя, з гэтымі працуем, а з гэтымі не. Яны будуць паказваць гэта еўрапейцам, амерыканцам і ўсім астатнім. Маўляў, і вы працуйце з добрымі апазіцыянерамі (да прыкладу з Дзмітрыевым і Караткевіч), а з дрэннымі не варта», – упэўнены метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

За апошнія пятнаццаць гадоў у Беларусі не зарэгістравалі ніводнай палітычнай партыі. Адзіным дэмакратычным абʼяднаннем, якое атрымала афіцыйны дазвол на дзейнасць у 2008-ым годзе, быў рух «За свабоду».

Ян Бабіцкі, «Белсат»