Рэакцыя свету на ракетны ўдар ЗША па Сірыі


Усяго колькі месяцаў таму ў Расеі панавала эйфарыя з нагоды абрання прэзідэнтам ЗША Доналда Трампа. Рыторыка радыкальна змянілася пасля таго, як сёння раніцай Амерыка вярнулася на Блізкі Усход. Войска ЗША нанесла ўдар крылатымі ракетамі па сірыйскай авіябазе.

Загад аддаў амерыканскі прэзідэнт

«Перадухіленне ды стрымліванне распаўсюду і выкарыстання смяротнай хімічнай зброі адказвае жыццёва важным інтарэсам нацыянальнае бяспекі Злучаных Штатаў Амерыкі. Усе папярэднія спробы змяніць паводзіны аль-Асада цягам гадоў зазналі поўную няўдачу», – зазначыў Доналд Трамп.

Мэтаю 59-ці тамагаўкаў стаўся аэрадром Шайрат у правінцыі Гомс

З яго, як мяркуюць, вылецелі самалёты з хімічнаю зброяй перад атакай у Ідлібе, што забрала жыцці некалькіх дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзяцей. ЗША абгрунтавалі свае дзеянні менавіта тым, што рэжым аль-Асада ўжыў хімічную зброю супраць мірных грамадзянаў. Такая пазіцыя сустрэла разуменне еўрапейскіх лідараў, а таксама ўрадаў Ізраілю, Іраку ды Японіі. Крэмль аднак рашуча асудзіў пастанову, прынятую Доналдам Трампам.

«Мы ўжо не ведаем, якія мэты пераследаваў Вашынгтон, прымаючы рашэнне аб гэтых ударах. Але адназначным зʼяўляецца той факт, што ўдары дэ-факта нанесеныя ў інтарэсах «Ісламскай Дзяржавы», Джабхат-ан-Нусры і іншых тэрарыстычных арганізацыяў», – заявіў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.

ЗША папярэдзілі Расею пра запланаваны авіяўдар

Аднак расейскія ўлады назвалі амерыканскую атаку ўдарам па суверэннасці Сірыі з надуманых падставаў і параўналі яе з уварваннем ЗША ў Ірак.

Расейскі бок прыпыніў дзеянне мемарандуму паміж Расеяй і ЗША пра бяспеку палётаў. Акрамя таго, Міністэрства абароны Расеі заявіла, што больш за палову амерыканскіх ракетаў не даляцелі да мэты. Дзе яны ўпалі – невядома.

У выніку ўдару загінулі дзесяць вайскоўцаў

Расейцаў сярод загінулых, паводле афіцыйных звестак, няма. Медыі Сірыі паведамляюць таксама пра смерць дзевяці мясцовых жыхароў, у тым ліку чатырох дзяцей.

«Агрэсія ЗША, якую належыць асудзіць, пацвярджае працяг няўдалай амерыканскай стратэгіі ды падрывае працэс барацьбы з тэрарызмам з боку сірыйскіх вайскоўцаў», – падкрэсліў прадстаўнік сірыйскага войска.

Што знішчылі амерыканцы?

Паводле звестак расейскіх вайскоўцаў, удары знішчылі шэсць самалётаў МіГ-23 у рамонтных ангарах, склад, навучальны корпус і радыёлакацыйную станцыю. Міністэрства абароны заявіла, што Расея прыме захады, каб умацаваць сістэму супрацьпаветранай абароны сірыйскага войска.

Масква вінаваціць Вашынгтон у грубым парушэнні міжнароднага права

Расея патрабуе правесці надзвычайнае паседжанне Рады Бяспекі ААН. Аднак трыумвірат Расея–Турцыя–Іран трашчыць па швах.

«Мы лічым умяшанне ЗША своечасовым і падтрымліваем яго. Мы звяртаемся да ўсіх, хто падтрымлівае сірыйскі рэжым. Давайце больш не будзем стаяць за Башарам аль-Асадам. Мы не мусім легітымізаваць гэтага чалавека, асабліва калі ён тыран, які выкарыстоўвае хімічную зброю», – патлумачыў афіцыйную пазіцыю Мэўлют Чавушаглу, кіраўнік МЗС Турцыі.

У Анкары адбываюцца масавыя пратэсты супраць дзеянняў Масквы і Тэгерану ў Сірыі. Расея ды Іран адзіныя на гэты момант застаюцца хаўруснікамі сірыйскага рэжыму, які таксама назваў атаку ЗША «дурной і безадказнаю». Стаўкі ў сірыйскай вайне павысіліся.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»