Аб'ектыў 11.09.2018 Развіталіся з Сяргеем Ясюкевічам. «Быў кемлівым, разумным, меў здольнасці да вайсковай службы»


Быў кемлівым, разумным, меў здольнасці да вайсковай службы. На Наваградчыне развіталіся з Сяргеем Ясюкевічам, якога днямі знайшлі мёртвым у лесе каля Горадні, дзе хлопец праходзіў тэрміновую службу. Асабістыя абставіны ці дзедаўшчына? Кропку ў справе паставіць Следчы камітэт. Хоць справа Аляксандра Коржыча, якую цяпер разглядаюць у судзе, ставіць перад грамадствам усё больш пытанняў.

Маляўнічая школа і ўзгоркі вёскі Ятра. Інтэлігентныя суседзі, якія і выкладалі мясцовым дзецям, пакуль школа ды вёска жылі.

«Не было такіх выпадкаў, каб мы не змаглі з ім справіцца ці што…» – успамінае Зінаіда, былая настаўніца Ятранскай школы.

Загінулы каля Горадні вайсковец Сяргей Ясюкевіч пакінуў гэтыя мясціны 5 гадоў таму, каб цяпер вярнуцца на канчатковае развітанне. Як дайшло да суіцыду – пытанне для следчых. Пакуль жа мясцовыя адзначаюць прыродныя здольнасці да навучання і кемлівасць Сяргея.

«І настаўнікаў не крыўдзіў. І разумны, і пісьменны» – кажуць былыя настаўніцы Ятранскай школы.

І няўдзячную долю – спачатку пад коламі аўта гіне бацька, пасля, паводле сведчанняў знаёмых, маці бярэцца за бутэльку. У выніку хлопец гэтак і не атрымаў сярэдняй адукацыі. Сёння сямейнікі Сяргея ад каментароў адмаўляюцца, а Ятранскія могілкі ачэпленыя людзьмі ў цывільным. Вайсковае ж начальства з усімі пытаннямі кіруе да Следчага камітэту. Іван Марылёў, намеснік кіраўніка брыгады:

«Я не магу нічога каментаваць з адной банальнай прычыны: я сам нічога не ведаю. І я сам у СК пытаў, а што мне адказваць? Кажуць – усіх да прэс-службы Следчага камітэту».

Паводле СК, распачатая праверка па факце смерці Сяргея Ясюкевіча. Стрыечная сястра загінулага ўжо заявіла СМІ, што Сяргей рэгулярна прасіў пераводзіць грошы на розныя нумары тэлефонаў. Паводле нашай інфармацыі, на гэтым ягоныя фінансавыя праблемы не канчаліся: перад войскам Сяргей жыў з жанчынай у Шчучынскім раёне, там жа аформіў крэдыт. А паручальнікам выступіла маці.

Якая, як і Сяргей да войска, не мае сталай працы. Але ў Ятры яна ёсць – калгас хоць і ледзьве ліпіць, але свае дзвесце рублёў пасля дэмабілізацыі Сяргей мог бы мець, зазначаюць суседзі. Міхаіл, жыхар вёскі Ятра:

«А што, не мог бы вывучыцца? У 40 вучацца, і ў 27 змог бы. Вось у ПТВ у Наваградку, калі ласка! Там розныя вучацца».

Але хлопец спадзяваўся на заробкі ў Расеі. Калі ранейшыя судзімасці закрылі для яго мяжу – планаваў застацца на кантракце ў войску. Але ў выніку – дэмабілізацыя праз два месяцы, крэдыт у Шчучыне дый няма асабліва куды вяртацца на малой Радзіме.

Колькі ў гэтай гісторыі ўплыву вайсковай казармы? Лепш за Следчы камітэт ведаюць толькі гэтыя хлопцы.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары