Разгром менскага «Дынама» – ці ўсё чыста?


Еўракубкавая восень – без дынамаўцаў: як берасцейскіх, гэтак і менскіх. Разгромная параза менскага «Дынама» у Пецярбурзе з лікам 8:1 шакавала шмат каго, у тым ліку і Сцяпана Святлова, які сачыў за футбольнымі жарсцямі.

Канчатковы лік на табло ў гэтай сустрэчы маглі прадказаць, бадай, толькі летуценнікі. Восем-адзін… І менскае «Дынама» ганебна вылятае з Лігі Еўропы, прагуляўшы ў Піцеры мясцоваму «Зеніту».

Пікантнасці сітуацыі дадае і тое, што тыдзень таму ў Менску гэтак сама нечакана дынамаўцы расправіліся з «Зенітам» 4:0. Бальшыня заўзятараў была ўпэўненая, што клуб праходзіць далей, у плэй-оф Лігі Еўропы. Але адказная сустрэча ў Пецярбурзе расставіла ўсё на свае месцы: гуляючы ў меншасці, без падтрымання дыскваліфікаваных фанатаў, «зенітаўцы» здолелі стварыць цуд. Але ці ўсё было «чыста» і справядліва?

«Трэцяя асоба, я лічу, несумненна была зацікаўленая ў тым, каб вынік матчу быў менавіта такім, на карысць «Зеніту», каб далей прайшлі піцерцы», – кажа спартовы аглядальнік «Белсату» Аляксандр Пуціла.

Абмяркоўваюць гульню і ў інтэрнэце. Аматары футболу звярнулі ўвагу на шэраг дзіўных момантаў.

Па-першае, у матчавай заяўцы «Дынама» адсутнічаў найлепшы гулец першага матчу серб Ураш Ныкалыч. Па-другое, трэнер менчукоў Сяргей Гурэнка гэтак і не выпусціў на поле свайго сына Арцёма, які выходзіў на поле адзінаццаць матчаў запар. Па-трэцяе, дзіўныя перастаноўкі ўсярэдзіне гульні, якія хутчэй нашкодзілі камандзе, чымся дапамаглі.

Але найбольш інтэрнаўты здзівіліся рэакцыі Сяргея Гурэнкі на забітыя камандаю галы. Калі ўся лаўка запасных радавалася спачатку голу Хвашчынскага, які адмянілі праз афсайд, а пасля – браме Ягаі, галоўны трэнер дынамаўцаў у гэты момант… хапаўся за галаву!

Адзін з асноўных аргументаў расейцаў – гэта агульны кошт гульцоў газпромаўскага «Зеніту», які ў 25 разоў перавышаў дынамаўскі. Але нават гэта – далёка не галоўны паказнік поспеху ў тым ці іншым матчы, адзначаюць эксперты. Шанцы прайсці расейцаў былі вялікія.

«Футбалісты перахваляваліся, пераналадзіліся. Магчыма, трэнерскі штаб не здолеў зняць напружання. Безумоўна, такі лік – 8:1. Не хочацца вешаць усіх сабакаў на галоўнага трэнера, але ўсё банальна: каманда прагуляла – значыць, вінаваты трэнер», – заўважае футбольны эксперт Валер Ісаеў.

Дык што ж гэта было – сапраўдная помста за «менскі разгром» ці папросту грашова забяспечанае выйсце «Зеніту» у плэй-оф? Афіцыйнага адказу, вядома, ніхто не дасць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа са старонкі ў ВК «Дынама» (Менск)